Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/81

Гэта старонка была вычытаная

ўступаў у гутарку, абмяжоўваючыся ветлівым паклонам і ўсмешкаю, і стараўся як мага хутчэй прайсці міма. Жанчыны называлі яго: „добры мядзведзь“. Любімай яго забавай была прагулка па палях.

Ён абедаў заўсёды адзін, трымаючы перад сабою разгорнутую кнігу, якую чытаў у часе яды. У яго была досыць багатая бібліятэка. Ён любіў кнігі, як верных і спакойных прыяцеляў. Па меры таго, як павялічвалася яго багацце і вольны час, ён усё больш і больш скарыстоўваў гэты час на развіццё свайго розуму.

З таго часу, як ён пасяліўся ў М., яго гутарка з кожным годам рабілася ўсё прыгажэйшай, больш сціслай і далікатнай.

Хоць ён ужо быў не малады, але тым не менш уладаў незвычайнай фізічнай сілай. Ён выцягваў захраслы ў гразі воз, стрымліваў на бягу каня ці раз'юшанага быка. Кішэні яго заўсёды былі поўны дробных грошай пры выхадзе з дому; звяртаўся ён ужо з пустымі. Калі ён праходзіў па прадмесцю, за ім заўсёды бег вясёлы натоўп абшарпанай дзятвы. Дзеці яго вельмі любілі, таму што ён умеў рабіць прыгожанькія штучкі з саломы і з арэхавай шкарлупы.

Ён рабіў шмат добрых спраў, стараючыся схаваць гэта, нібы штосьці дрэннае. Ён употайкі пракрадваўся ў халупы, пакідаючы там грошы. Вяртаючыся дадому бядняк ведаў, хто ў яго быў у яго адсутнасць. Ён быў ветлівы і на твары яго быў смутак. Народ казаў пра яго: „Вось чалавек багаты, але не ганарлівы; вось чалавек шчаслівы, але не здаволены“.

У горадзе казалі, што ён жыве ў таямнічым пакоі, падобным да пячоры, упрыгожанай мёртвымі галовамі і касцямі, складзенымі накрыж. Некалькі модных дам адважыліся прыйсці да яго і сказалі:

— Пан мэр, пакажыце нам свой пакой.

Ен усміхнуўся і выканаў іх просьбу.

Пячора аказалася невялікім пакоем, выклееным таннымі шпалерамі і застаўленым самаю простаю мэбляй вельмі непрыгожага фасону. Толькі на каміне стаялі два старадаўнія падсвечнікі, напэўна срэбныя, „таму што на іх была проба“. Дамы ўправіліся разглядзець гэта.

Тым не менш пра пакой мэра гаварыць не перасталі і па-ранейшаму запэўнівалі, што гэта келія, ледзь не склеп.

Гаварылі таксама пра капіталы, якія ляжалі ў банкірскім доме Лафіт на імя пана Мадлена і якія раўняліся нібы некалькім мільёнам. У сапраўднасці-ж гэтыя некалькі мільёнаў зводзіліся да шасцісот трыццаці або сарака тысяч франкаў.