Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/82

Гэта старонка была вычытаная

ХVIІІ

МАДЛЕН У ЖАЛОБЕ

У пачатку 1821 года ў газетах з'явілася паведамленне аб смерці пана Мірыеля, епіскапа ў Дыні, празванага свяцейшым Б'енвеню і сканаўшага смерцю праведніка на восемдзесят другім годзе ад нараджэння.

Каб папоўніць газетныя паведамленні, дададзім, што за некалькі год да смерці епіскап аслеп. Сястра яго лагодна і з любоўю даглядала яго да апошніх хвілін яго жыцця.

На другі дзень пасля з'яўлення ў газетах гэтага паведамлення пан Мадлен быў у глыбокай жалобе. У горадзе заўважылі гэтую жалобу, і пагалоскі зноў падняліся на ўсе лады. Здавалася, што гэта праліло прамень святла на пана Мадлена. Вырашылі, што ён радня высокапаважанаму епіскапу. Гэта вельмі ўзняло яго ў вачах гарадскога грамадства.

Аднойчы адна паважаная дама, вельмі цікаўная, адважылася запытаць у яго.

— Пан мэр, безумоўна, радня нябожчыку епіскапу Мірыелю?

— Не, сударыня, — адказваў ён.

— У такім выпадку што-ж азначае гэтая жалоба?

— У маладосці я быў лакеем у яго сям'і, — адказваў ён.

Кідалася ў вочы яшчэ наступнае: кожны раз, калі па горадзе праходзіў маленькі саваяр, мэр заклікаў яго да сябе, і запытваў, як завуць, і даваў яму грошы. Маленькія саваяры перадавалі пра гэта адзін аднаму, і тады іх прыходзіла вельмі многа.

Пакрыху, аднак, усе меркаванні заціхлі. Агульная павага да яго была поўная, шчырая і аднадушная, і ў 1821 годзе яго імя ў М. выстаўлялася з такой-жа пачцівасцю, як і імя свяцейшага Б'енвеню ў 1815 годзе ў Дыні. З усіх канцоў краіны прыходзілі за парадамі да Мадлена. Ён вырашаў спрэчкі, ліквідаваў цяганіны, мірыў ворагаў. Кожны шукаў у ім абаронцу, нібы ў душы яго начартаны быў закон. Гэта была якаясьці пошасць пашаны, якая ахапіла за некалькі год усю краіну.

Адзін толькі чалавек у горадзе і ва ўсёй акрузе не падаваўся ўсёй пошласці і, не гледзячы на ўсе ўчынкі пана Мадлена, аставаўся непахісным, нібы ў ім жыў нейкі непадкупны, непасягальны інстынкт. Часта здаралася, што, калі пан Мадлен, спакойны і ветлівы, суправаджаемы благаславеннямі, праходзіў па вуліцы, адзін чалавек, высокага росту, апрануты ў шэры сурдут, з тоўстым кіем у руцэ і з насу-