Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/84

Гэта старонка была вычытаная

У яго вачах зладзейства, забойства і ўсе злачынствы наогул былі не што іншае, як бунт, абурэнне. Ён меў сляпую і глыбокую веру да ўсіх афіцыяльных асоб у дзяржаве, пачынаючы з міністра і канчаючы лясным сторажам. Усё, што хоць раз пераступіла мяжу законнасці, ён не сцярпеў, ненавідзеў. Выключэнняў у гэтых выпадках ён не прызнаваў. З аднаго боку, ён казаў: „Улада не можа памыляцца. Выканавец закона заўсёды правы“. З другога: „Гэтыя загінулі навекі. З іх не можа нічога выйсці добрага“. Ён быў цвёрды ў пераконаннях, заўсёды пануры, задуменны, і ў той-жа час скромны, ганарысты, як і ўсе фанатыкі. Яго позірк нагадваў шыла: такі халодны і востры быў ён. Усё жыццё яго заключалася ў двух словах: дбаць і назіраць. Ён начарціў простую лінію ў самай заблытанай рэчы ў свеце: ён верыў у несумненную карысць у сваёй дзейнасці і ўзводзіў свае абавязкі амаль што ў свяшчэннадзейства. Гора таму, хто пападаўся ў яго рукі! Ён арыштаваў-бы свайго бацьку, каб той уцёк з астрога, і данёс-бы на ўласную маці, калі-б злавіў яе на месцы праступку і ён зрабіў-бы гэта з поўным разуменнем праваты свайго ўчынку. Пры ўсім гэтым ён вёў жыццё, поўнае нягод, адзіноты, не дазваляючы сабе самай малой забавы. Гэта было ўвасабленне непадкупнага абавязку і суровай сумленнасці.

Уся істота Жавера была ўвасабленнем падслухвання і жадання не быць заўважаным. Лоб яго знікаў пад капелюшам, падбародак хаваўся ў галстук, вочы былі закрыты густа навіслымі бравамі, рукі хаваліся ў доўгія рукавы, а кій — у складках паліто. Але пры першым-жа зручным выпадку з гэтай цемры з'яўляўся разам вузкі лоб, вуглаваты падбародак, люты позірк, вялізныя пагражаючыя рукі і велічэзная дубіна.

У хвіліны адпачынку, вельмі, між іншым, рэдкія, ён прымаўся за чытанне, хоць наогул ненавідзеў кнігі. Па яго гутарцы відаць было, што ён не быў бязграматны чалавек. Мы ўжо гаварылі, што ў яго не было ніякіх заган. Калі ён быў задаволены сабой, ён частаваў сябе панюшкай табаку. Толькі ў гэтай слабасці ў ім праяўлялася агульна-чалавечая рыса.

Зразумела, што Жавер быў страшыдлам для таго класа людзей, якіх у штогодных статыстычных справаздачах міністэрства юстыцыі адзначаюць пад рубрыкай: „не маючыя пэўных заняткаў“. Імя Жавера наводзіла на іх жах, яго з'яўленне прыводзіла да здрантвення.

Такі быў гэты чалавек. Жавер быў нядрэмлючае вока, якое безупынна сачыла за панам Мадленам. Позірк яго быў поўны недавер'я і сумнення. Мадлен нарэшце заўважыў