Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/87

Гэта старонка была вычытаная

Мадлен падняў галаву, спаткаў па-ранейшаму пільна накіраваны на аго позірк Жавера, паглядзеў на маўклівых сялян і сумна ўсміхнуўся. Потым, не гаворачы ні слова, стаў на калені і, раней чым хто-небудзь, мог апамятацца, апынуўся пад возам. Настала хвіліна страшнай цішыні і трывожнага чакання.

Усе бачылі, як Мадлен амаль на жываце два разы спрабаваў спіною прыўзняць воз.

Усе пачалі крычаць:

— Бацька Мадлен, вылазьце хутчэй назад!

Стары Фашлеван сам праказаў:

— Уцякайце прэч, пан Мадлен. Пэўна, мне суджана памерці, пакіньце, вас самога заб’е…

Але Мадлен нічога не адказваў.

Ва ўсіх прысутных замерла дыханне. Колы глыбока ўгразлі, і, здавалася, што іх немагчыма было зрушыць.

Раптам маса закалыхалася. Воз паволі пачаў прыпадымацца. Усе пачулі голас, які прашаптаў:

— Хутчэй, хутчэй, падтрымайце!

Гэта Мадлен рабіў апошнія намаганні.

Усе кінуліся наперад. Самаадданасць аднаго падала сілы ўсім астатнім. Воз быў падняты. Стары Фашлеван выратаваны.

Мадлен падняўся на ногі. Ён быў страшэнна бледны, хоць з мокрым ад поту тварам. Вопратка яго была падрана і запэцкана граззю. Усе плакалі. Стары абнімаў яго калені і дзякаваў бога. На твары Мадлена быў выраз нейкай пакуты. Ён спакойна накіраваў свой позірк на Жавера, які, па-ранейшаму не зводзіў з яго вачэй.

ХХ
ФАНТЫНА

Такое было становішча спраў у краіне, калі ў М. прыбыла Фантына. Ніхто не памятаў яе ў родным горадзе. На шчасце, фабрыка пана Мадлена прыязна адчыніла ёй свае гасцінныя дзверы. Рамяство гэта было зусім новае для яе, і з непрывычкі да гэтай работы яна зарабляла вельмі мала. Тым не менш з яе гэтага было даволі. Задача была вырашана. Крыніца існавання знойдзена.

Гэта напоўніла яе глыбокай радасцю. Яна будзе жыць з сумленнай працы! Якое шчасце! Жаданне працаваць абудзілася ў ёй з новай сілай. Яна купіла сабе люстэрка і была шчаслівая, што маладосць нібы зноў вярнулася да яе. Яна