можам траціцца. Калі вы праз тыдзень не прышлеце сорак франкаў, то ваша дзяўчынка памрэ“.
Яна гучна разрагаталася і пачала гаварыць суседцы:
— Вось гэта цудоўна, сорак франкаў! Адкуль-жа я іх дастану? Ух, якія гэтыя сяляне!
Між тым, яна яшчэ раз перачытала пісьмо.
Потым выбегла на вуліцу і ўсё рагатала.
Хтосьці запытаў у яе:
— Што гэта вам так весела?
— Ды вось у мяне з вёскі патрабуюць сорак франкаў. Ух, якія дурні!
Праходзячы па плошчы, яна ўбачыла натоўп. Цікаўныя акружалі нейкую дзівосную каламажку, а ў ёй чалавека, апранутага ў чырвонае. Гэта быў шарлатан дантыст, які прапаноўваў публіцы ўстаўныя сківіцы, парашкі і элексіры.
Фантына ўмяшалася ў натоўп, смяялася разам з іншымі з прымовак і прамоў фокусніка. Зубадзёр заўважыў прыгожанькую дзяўчынку і раптам закрычаў:
— Якія ў вас цудоўныя зубы, смехатуня! Калі вы захочаце прадаць мне вашы два разцы, то я заплачу вам за іх сорак франкаў.
— Якія мае разцы? — запытала Фантына.
— А гэта два верхнія пярэднія зубы, — адказваў дантыст.
— Які жах! — ускрыкнула Фантына і ўцякла, заткнуўшы вушы, каб не чуць, як шарлатан крычаў ёй:
— Падумайце пра гэта, мая красуня! Сорак франкаў спатрэбіцца. Калі надумаецеся, прыходзьце ўвечары ў гасцініцу „Срэбная палуба“. Я там спыніўся.
Фантына вярнулася дадому абураная і расказала пра сваё здарэнне старой, у якой жыла.
— Ці-ж чуў хто што-небудзь падобнае? Гэткая мярзотная пачвара! І як гэта дазваляюць гэтым машэннікам з'яўляцца ў гарадах? Вырваць мае пярэднія зубы! Я-ж тады буду страшэнная! Валасы яшчэ адрастуць, а зубы! О, страшыдла! Лепш выкінуцца з пятага паверха на брук. Ён мне сказаў, што спыніўся ў „Срэбнай палубе“.
— Што-ж ён вам даваў за зубы?
— Сорак франкаў.
І Фантына задумалася і прынялася за работу. Праз чвэрць гадзіны яна пакінула шыццё і зноў перачытала пісьмо Тэнард'е і потым запытала ў старой:
— Што такое сыпная ліхарадка?
— Гэта такая хвароба.
— А ці многа трэба на яе лякарстваў?
— Вельмі многа.
— А ці бывае яна ў дзяцей?