Складальнікі падрабязных летапісаў былі блізкімі да літоўскіх феадалаў, якія ў той час адцясняліся на задні план феадаламі Польшчы. Інтарэсы гэтых літоўскіх феадалаў яны імкнуліся з асаблівай сілай адстаяць супраць Польшчы, а часткова і супраць Масквы. Пры гэтым антыпольскія настроі былі ў падрабязных летапісах значна больш ярка выражаны, чым антымаскоўскія, бо шляхецкія колы Літвы больш баяліся абмежавання сваіх палітычных правоў з боку Польшчы, чым з боку Масквы.
У падрабязных летапісах можна знайсці шмат паданняў аб паходжанні як літоўскай шляхты ў цэлым, так і яе асобных родаў. Гэтыя паданні, вядома, былі казачнымі і легендарнымі. Яны прыпісвалі шляхце паходжанне яе ад нейкага рымскага князя Палемона, сваяка Нерона, які ўцёк ад самавольства імператара ў чужыя краі. Яму спадарожнічалі пяцьсот знатных рымлян з сем'ямі. Плывучы на караблях праз Міжземнае мора і акіян у пошуках месц для пасялення, яны дасягнулі вусця Нёмана і пасяліліся ў яго басейне. З цягам часу пасяленцы размножыліся і занялі тэрыторыю да Заходняй Дзвіны. Ад патомкаў Палемона пайшоў народ літоўскі і літоўская шляхта[1]. Самое слова Літва летапісец утварае ад лацінскага слова lituus (труба), таму што «людзі тыя, што за Велею (Вілія - прыток Нёмана) паселі, ігрывалі на трубах дубасных»[2]. Гэтыя фантастычныя паданні складзены з яснай мэтай паказаць старадаўнасць паходжання літоўскай шляхты ў процілегласць шляхце польскай, якая такой старадаўнасцю не магла пахваліцца. У спісе Быхаўца апавядаецца, як паны літоўскія ў прамове, звернутай да германскага імператара, які нібыта прыбыў сам на каранацыю Вітаўта[3], даказвалі, што ў палякаў шляхта была простага паходжання, бо яны перанялі свае гербы ад чэшскіх паноў: «Мы-ж шляхта старая рымская і продкі нашы з гэтымі гербамі сваімі (г. зн. рымскімі гербамі) дайшлі да тых панстваў, у якія яны ўсяліліся..., і не хочам ніякіх новых гербаў, але трымаемся сваіх старых гербаў, якія нам пакінулі нашы продкі»[4]. І германскі імператар нібыта згадзіўся з літоўскімі панамі і адказаў ім, што ведае, што яны - старая рымская шляхта, больш старадаўняя, чым польская, але ўсё-ж раіць ім жыць з польскімі панамі ў міры і дружбе[5].
У падрабязных хроніках значная ўвага аддаецца доказам старадаўняга паходжання не толькі ўсёй літоўскай шляхты, але і асобных знатных літоўскіх родаў. Усе яны аказваліся патомкамі легендарнага Палемона, прычым многія з іх рабілі розныя подзвігі. Наогул у летапісах вялікая ўвага аддаецца ўсяму таму, што было звязана з жыццём і багаццямі асобных знатных родаў Літвы.
Хоць падрабязныя летапісы накіраваны галоўным чынам супраць Польшчы і польскіх паноў, якія абвінавачваюцца ў баязлівасці, у гультайстве і нават зверствах, некаторыя месцы з іх прасякнуты пагардай і ў адносінах да Масквы. Так, у іх апавядаецца, вядома, наперакор гістарычнай праўдзе, што калі князь Ольгерд падыйшоў да Масквы, то маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч пакорліва прасіў яго, каб той «яго з вотчыны яго з Масквы не выгнаў і гнеў свой адпусціў, і ўзяў-бы ў яго, што хацеў...» Ольгерд згадзіўся памірыцца з Дзмітрыем Іванавічам, але у знак сваёй перавагі над ім прысланіў сваё кап'ё да сцяны Маскоўскай гучным голасам абвясціў: «Княже великий Московский, памятуй, што