Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/103

Старонка праверана

нічога практычнага і не абхапляючы ўсіх прыватнаўласьніцкіх маёнткаў.

Тады па дакладу міністра ўнутраных спраў Бібікава царскім указам было загадана, каб на Беларусі пашырыць інвэнтары ў тэй форме, каторая была зацьверджана для Кіеўскага гэнэрал-губарнатарства ў 1848 годзе. На аснове кіеўскіх інвэнтароў, прыватнаўласьніцкі селянін асабіста, як юрыдычная асоба, лічыўся вольным; затое ён быў у поўнай залежнасьці ад пана ў экономічных, зямельных адносінах. Інвэнтары дакладна вызначалі тую надзельную зямлю, каторая была нарэзана панам. Калі ў асобнага селяніна ня было экономічнай моцы, каб апрацаваць нарэзаны для яго надзел, то ён, на аснове інвэнтароў, павінен быў перайсьці не назад да пана, а залічаўся ў склад грамадзкай сялянскай зямлі. Інвэнтары вызначалі і абавязковую колькасьць надзелу зямлі на адзін сялянскі двор. Яна была меншаю ад надзелаў скарбовых сялян і раўнялася ⅔ яе, што складала ад 8 да 15 дзесяцін на адзін сялянскі прыватнаўласьніцкі двор. У інвэнтарох былі вызначаны і павіннасьці сялян да паноў. Гэтыя павіннасьці не маглі перавышаць з аднае цяглае сям’і трох дзён паншчыны ў тыдзень мужчынскіх і аднаго дню — жаноцкага. Усякая другая праца селяніна на пана лічылася незаконнаю. Калі прыватнаўласьніку для яго маёнтку патрэбна была яшчэ праца сялян, што ня ўходзіла ў норму, вызначаную інвэнтаром, то ён меў права карыстацца ёю ці за плату, ці ўключаючы новыя рабочыя дні ў рахунак будучай, назначанай інвэнтаром паншчыны.

Так пісалася на паперы, але ня так абстаяла справа ў рачавістасьці. Рэволюцыя 1848 году на Захадзе перапалохала як рускі урад, так і тых лібэралаў, каторыя былі прыхільнікамі новых узаемаадносін паміж прыватнаўласьнікам і прыгонным селянінам. Панства, звыклае да неабмяжованай працы мужыка, і ня думала лічыць для сябе абавязковымі новыя нормы, што абмяжоўвалі панскае самавольства і гвалты над сялянамі. А што датычыць да ураду, то ён ня лічыў магчымым, як мы ведаем з ранейшага, рабіць зьверху той ці іншы націск на паноў. Указ 1852 году, апроч таго, робіцца няпрыметным на Беларусі яшчэ і затым, што ён вельмі спазьніўся. Экономічныя умовы ў Расіі і на Беларусі ўжо злажыліся так, што праз некалькі год павінна адбыцца новая сялянская рэформа 1861 году.

У другой чвэрці XIX сталецьця урадам Мікалая І былі праведзены яшчэ некаторыя дробныя рэформы, пакірованыя на тое, каб урэгуляваць сялянскае пытаньне спэцыяльна на Беларусі. На гэтым трэба крыху затрымацца.

Пан-прыватнаўласьнік на захадзе імпэрыі, а таксама на Беларусі, вельмі рана, — раней, чым усходні яго брат, зразумеў цэннасьць зямель-