Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/144

Гэта старонка была вычытаная

яму ўдалося напісаць да сваіх прыяцеляў і прыхільнікаў два лісты, адзін да сваёй бацькаўшчыны—Беларусі, другі—да беларускага народу. Для нас мае асаблівую цікавасьць другі ліст. каторы мы тут і прыводзім:

«Беларусы, браты мае родныя! З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне пісаць да вас і можа астатні раз. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе! Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за тваю праўду. Прымі, народзе, па шчырасьці маё слова перадсьмертнае бо яно як-бы з таго сьвету толькі для дабра твайго напісана. Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тагды ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках, і тагды толькі, памаліўшыся богу, заслужыць неба, бо, узбагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу ня ходзіць разам, так і навука праўдзіва ня йдзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды, ня будзе багацьця і ніякай навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу. Ваюй, народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную. Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня бу