Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/152

Гэта старонка была вычытаная

і добрыя грунтавыя гасьцінцы, то на Беларусі пэўна рай. Адна бяда, на думку аўтара, у гэтым раі ня можа сесьці на карк беларускага селяніна, замест старога прыгоншчыка, польскага пана, новы прыгоншчык, пан «истинно-русского» пахаджэньня.

Дастойным супрацоўнікам Мураўёва па русыфікацыі быў І. П. Карнілаў. У 1864 годзе з пасады памочніка папячыцеля Пецярбурскае вучэбнае вакругі ён, па прадстаўленьню Мураўёва, быў назначан папячыцелем Віленскай вучэбнай акругі, у склад каторае ўваходзіла Беларусь і Літва. Мураўёў, як прадстаўнік адміністрацыйнай улады, забясьпечваў найчасьцей інтарэсы бягучага моманту; Карнілаў, як прадстаўнік рускай навукі і як кіраўнік тагачаснай адукацыі і выхаваньня на Беларусі, павінен быў забясьпечваць будучыну русыфікацыі. Агульныя асноўныя прынцыпы русіфікацыі—праваслаўе, самаўладзтва і руская народнасьць—зрабіліся асноўнымі прынцыпамі і школы. Школа, каторая паступова пападае пад лепшы дагляд і кантроль рускай улады, атручвае гэтымі прынцыпамі беларускую моладзь і гатовіць новых русыфікатараў ужо мясцовага пахаджэньня.

Самаю моцнаю і пэўнаю атрутаю, катораю найбольш карысталіся і на якую найбольш зьвярталі ўвагу русіфікатары-працаўнікі акругі— была праваслаўная рэлігія. І тут яны ішлі звычайным шляхам мураўёўшчыны, каторая тое самае рабіла ў адміністрацыйнай часьці. У васнову выхаваньня і навучаньня ў школе кладзецца праваслаўе, і з ім ужо зьвязваецца, на яго ўжо апіраецца і руская народнасьць: каталік—значыць паляк, праваслаўны—значыць рускі. Такім спосабам, зусім выкасоўваецца беларус; ён лічыцца за паляка, калі ён каталік, і за рускага, калі ён праваслаўны. Школа ўсімі выхаваўчымі сродкамі стараецца прышчапляць вучням нецярпімасьць да другіх вер і нацый, каторых так многа на Беларусі. Вучням прышчапляецца думка, што запраўднай на Беларусі зьяўляецца толькі праваслаўная вера, каторая робіць беларуса праўдзівым рускім чалавекам; апроч таго, яна, змагаючыся з каталіцтвам, каторае спуталася з паўстаньнем і паўстанцамі, робіць беларуса шчырым прыхільнікам рускага самаўладзтва. Тую ролю, якая была ўскладзена вучэбнай акругай на праваслаўную рэлігію ў школе, добра вызначыў сам Карнілаў у сваёй гадавой справаздачы за 1868 год. Ён там піша так: «Калі наогул вельмі важна, каб праваслаўная моладзь выхоўвалася ў пачуцьцях павагі і прыхільнасьці да правіл сваёй веры, то ў Заходнім Краі, дзе праваслаўная царква так доўга была прыніжана і прыгнечана і дзе праваслаўная барацьба з лацінствам яшчэ ня скончана, такое запатрабаваньне робіцца прадметам важнай канечнасьці. Праваслаўная царква зьяўляецца тут адвечным абаронцам рускага духу, надзейнаю апораю проці дамаганьняў лацінства і полёнізму і моцным зьвяном, каторае зьвязвае край з цэнтральнай