Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/164

Гэта старонка была вычытаная

Што да сацыяльнай часткі адозваў, выпушчаных белымі паўстанцамі, то яна амаль што зусім адсутнічае. Зацьвярджаць у вадозвах стары прыгонны строй ня было сэнсу, абяцаць новы лад, які-бы здаволіў селяніна, белыя не маглі, бо яны былі белыя. Адозвы ці зусім абходзяць бокам пытаньне аб зямлі і вольнасьці для сялянства, ці кідаюць як-бы ненарокам нейкія пустыя словы аб свабодзе, роўнасьці і г. д. З «Гутаркі старога дзеда» мы даведваемся, што калісь «народу паляк хацеў даць свабоду», але, бачыце, маскаль перашкодзіў яму рэалізаваць яго пажаданьні. Праўда, у канцы «Гутаркі» мы чытаем, што беларускія сяляне будуць «роўныя з панамі», калі зробяцца грамадзянамі адноўленай Польшчы. Што гэта за роўнасьць? У чым яна выявіцца? Можа і ў тым, што пан і селянін будуць дыхаць адным паветрам, а потым абодва разам памруць. Часам адозвы забываюцца, што яны напісаны для сялянства. У іх высоўваецца ўперад добра вядомая беларускаму селяніну і ненавісная яму польская шляхта. Яна малюецца, як абаронец беларускага сялянства, пакрыўджанага маскалямі. «Ай-да шляхта, малайцы! Паны былі, як айцы!» («Крыўда і праўда»). Зразумела, што такімі соцыяльнымі поглядамі і лёзунгамі белыя паўстанцы не маглі прыцягнуць да сябе селяніна, каторы на сваім карку добра даведаўся аб айцоўскай ласцы польскага пана да яго, селяніна.

Да ўсяго вышэйпаданага трэба далучыць клерыкальны кірунак белых адозваў. На кожным кроку мы спатыкаемся тут з богам, з каталіцтвам, вуніяй, праваслаўем, страшным судом божым, божай воляй і г. д. Трэба вызначыць, што гэтая атрута ўпівалася ў мазгі беларускага жыхарства і рабіла свой уплыў. Ксёндз у паўстаньні быў выдатнай асобай, каталіцкая царква была яго цэмэнтам. Ня дарма потым русіфіікацыя павінна была апірацца на праваслаўе і вымагала ад яго, каб яно было ваяўнічым.

Адным словам, калі ўчытвацца ў белыя адозвы і творы паўстаньня, то відаць, што ідэолёгічна яны вялі барацьбу з трыма кітамі, на каторых апіраўся царызм пры русіфікацыі Беларусі й Польшчы. Гэтымі трыма кітамі царскага рэжыму і русіфікацыі былі вядомыя нам дэвізы—праваслаўе, самаўладзтва і руская народнасьць. Паўстанец белага лягеру проці гэтых дэвізаў высоўваў свае дэвізы—каталіцтва, панская Рэч Паспалітая і польская народнасьць. Зразумела, што ні тыя, ні другія дэвізы для Беларусі не падыходзілі. Дзьве стараны навязвалі беларускаму селяніну свае сьветапагляды і інтарэсы, даказваючы яму, што гэта яго сьветапагляды і інтарэсы.

Літаратура чырвоных паўстанцаў прадстаўлена нумарамі «Мужыцкай праўды» і лістамі Каліноўскага. Больш матар’ялаў мы пад рукамі ня маем. У сваіх адозвах-часопісах чырвоныя клічуць беларус