Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/194

Гэта старонка была вычытаная

кавіць там сваім зьместам беларускага селяніна, як вясковага гаспадара. Выдаўцам такой беларускай літаратуры зьяўляецца багаты землеўласьнік Менскага павету А. Ельскі, каторы быў опозыцыйна настроен у вадносінах да рускага ураду. Апіраючыся на свае багацтвы і сувязі ў пецярбурскіх чыноўных колах, ён робіць спробу заснаваць беларускае выдавецтва. Спроба скончылася нічым. Тым ня менш, Ельскаму ўдалося, ня гледзячы на забарону 1867 году, выпусьціць некалькі невялічкіх кніжачак у беларускай мове спэцыяльна для селяніна, напрыклад, «Аб перасяленьні», «Аб п'янстве» і г. д.

У 80-х і 90-х гадох у Менску і другіх губэрскіх і павятовых гарадох Беларусі зьяўляюцца невялікія гурткі вучняў. Складаюцца яны з вучняў старэйшых кляс гімназіі, рэальных вучылішч, настаўніцкіх і духоўных сэмінарый. Гурткі ўбіраюць у сябе больш здольную моладзь, каторай ня можа здаволіць офіцыяльная схолястыка царскай школы. Звычайна гэта моладзь трымаецца опозыцыйнага настрою і належыць да радыкальна-дэмократычнага, народніцкага кірунку. Паміж асобнымі гурткамі розных школ вельмі часта ўстанаўліваецца сувязь і вядуцца жывыя зносіны. Поруч з рускай забароненай літаратурай сябры гурткоў знаёмяцца з літаратурай польскай і беларускай. Пры гурткох арганізуюцца невялічкія бібліотэчкі. Адзін з такіх гурткоў у Менску яшчэ ў 1884 годзе выдае першую нелегальную газэту ў беларускай мове пад назваю «Гоман». Газэта сваім зьместам адбівае апазыцыйны настрой вучнёўскай моладзі. Газэта друкавалася на гэктографе і пашыралася сярод вучняў менскіх школ. Апроч агульна-народніцкіх думак, у гурткох вельмі часта спатыкаецца думка аб аўтаноміі Беларусі.

1886 годзе ўтвараецца гурток з культурнікаў-інтэлігэнтаў, каторы концэнтруецца каля рускай менскай газэты «Минский Листок». Гурток складаецца большаю часткаю з лібэралаў, каторыя знаходзяцца пад народніцкім уплывам. Сябрамі гуртка зьяўляюцца М. Доўнар- Запольскі, Завітневіч, Ляцкі, Слупскі, Ян Неслухоўскі і інш. Сябры гуртка выяўляюць асаблівую цікавасьць да мясцовае культуры і навукі: гісторыі, археолёгіі, этнаграфіі і г. д. Свае творы яны зьмяшчаюць часам у газэце «Минский Листок», часам у выдавемых імі штогод кніжках «Северо-Западнаго Календаря». Кніжкі «Календаря» выходзяць з вялікаю труднасьцю з цэнзурных перашкод. Тым ня месяц, гуртку ўдалося выпусьціць б кніжак календара за гады 1888—1893. На апошнія дзьве кніжкі (1892-1893 г. г.) у Менску немагчыма было атрымаць цэнзурнага дазволу, прышлося абіваць парогі цэнзурных устаноў у Маскве (календар за 1892 год) і Пецярбурзе (каляндар за 1893 год). Творы аб Беларусі тут друкуюцца ў рускай мове. Часам зьяўляюцца ў беларускай мове, напр., Няслухоўскага. Беларускія вершы выдаюцца за рускія, каб абыйсьці загад 1867 г., забараняючы друк пабеларуску.