Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/213

Гэта старонка была вычытаная

рыят адгукнуўся на гэтыя стрэлы стачкамі. У Вільні забастоўка цягнулася 3 дні і абхапіла каля 4.000 рабочых. Менск баставаў 3 дні. У Гомлі баставалі цэлы тыдзень каля 2.000 рабочых. У Крынках Горадзенскай губэрні баставалі каля 2.000 рабочых. Яны захапілі ў свае рукі мястэчка, і поліцыя цэлы дзень не магла туды ўвайсьці. У Віцебску баставалі 6 дзён 1.200 рабочых. Забастоўкі ў сярэднім ад 2 да 4 дзён адбыліся ўва ўсіх губэрскіх і павятовых гарадох Беларусі, а таксама і ў іншых прамысловых пунктах. Для аднастайнага кіраўніцтва рабочым рухам паміж рознымі соцыялістычнымі партыямі адбываліся згоды. Такія згоды вядомы, напр., у Вільні, Менску, Бабруйску і г. д.

Рух перакінуўся ў вёску, каторая пачала барацьбу з буйным і сярэднім земляўласьніцтвам. Барацьба была ўпартая і зацяжная. Разгар яе падае на вясну і лета 1905 году, а цягнецца яна аж да 1907 году. Ідзе адкрытая самавольная парубка лесу, заворваецца панская зямля. Палаюць мясцамі панскія маёнткі, стагі і г. д. Былі здарэньні забойства больш абрыдлых паноў. Тэрор проці паноў атрымаў большае разьвіцьцё ўва Ўсходняй Беларусі, у губэрнях Віцебскай, Магілёўскай і часткай Менскай. Там нават утварыліся па вёсках баявыя дружыны. У заходняй частцы Беларусі, Літве і Польшчы мы спатыкаемся ўжо з больш організованай барацьбой, накіраванай супроць панскага земляўласьніцтва. Тут, як сродак барацьбы, ужываецца стачка. Прымаючы удзел у вяскава-гаспадарчых стачках, сялянства, з аднаго боку, руйнавала моц панскай гаспадаркі, з другога боку—павялічвала для пастаянных батракоў і падзённых рабочых заработную плату, каторая на Беларусі была вельмі нізкаю. Малазямельле і безьзямельле гналі тут селяніна прадаваць за бясцэн сваю рабочую сілу на панскім двары. Трэба адзначыць, што галоўную ролю ў сялянскім рэволюцыйным руху гралі батракі, за каторымі йшлі ня толькі сяляне-беднякі, але й сераднякі. Што датычыць да заможнага беларускага сялянства, каторае за часы існаваньня сялянскага пазямельнага банку да старых надзелаў нешта яшчэ дакупіла, то яно не спачувала руху з прычын зразумелых. Разам з засьцянковаю і фальварковаю шляхтаю яно было воража настроена да рэволюцыі і трымала сябе пасыўна.

У жніўні 1905 году зьявілася пастанова царскага ураду аб так званай булыгінскай Думе, надзеленай законарадчымі правамі. Усе соцыялістычныя партыі на Беларусі, апроч адных меншавікоў, абвясьцілі гэтай Думе бойкот. На чале барацьбы з Думай на Беларусі становіцца Бунд і організуе шырокую кампанію бойкоту выбараў у Думу. Рэволюцыйны рух ня спыняецца. Кастрычнікавая забастоўка руйнуе булыгінскую Думу. 17 кастрычніка Мікалай ІІ выдае маніфэст аб констытуцыі, а 21—маніфэст аб амністыі за політычныя праступствы.