Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/234

Гэта старонка была вычытаная

шукайце яе ў будучыне. «На жыцьцё як паглянеш, сэрца болем зашчыміць. Нешчасьліва наша доля, нам нічога не дала. Ня шукайце кветак ў полі, як вясна к нам ня прышла» (Я. Колас. «Ня пытайце»).

Прыгнечана Беларусь, прыгнечана і мова беларуская, мова адраджэнцаў-нашаніўцаў і мова таго народу, з якога яны вышлі. Ідзе зьдзек над ёю, бо яна прызнаецца некультурнаю «мужыцкаю» мовай. Нашаніўцы, усе як адзін, выступілі на абарону гэтай «мужыцкай», а разам з тым і сваёй уласнай мовы. Уціск і зьдзек над беларускаю моваю з боку царызму і пануючых на Беларусі кляс абвастрылі пытаньне і зрабілі яго вельмі балючым. Яшчэ Багушэвіч стаў на яе абарону, заклікаючы сыноў сваёй роднай зямелькі бараніць мову беларускую, каб не памёр народ беларускі. Таксама ставяць пытаньне аб мове і нашаніўцы. Трэба выратаваць ад сьмерці беларускі, «мужыцкі» народ, а для гэтага трэба выратаваць ад заняпаду беларускую «мужыцкую» мову. Часам утвараецца такое ўражаньне, што не народ творыць мову, а, наадварот, мова творыць народ. З вялікім пад'ёмам і болем у сэрцы зварачаюцца песьняры да «брата-беларуса», каб ён «роднай мовы сваёй ня цураўся». «Ад дзядоў і ад прадзедаў, брацьця, гэта скарб нам адзін захаваўся, у сялянскай аграбленай хаце, толькі ён незабраны астаўся» (А. Гарун. «Ты мой брат»). Беларушчыну энэргічна абараняе ад ворагаў і Я. Купала ў сваім добра вядомым вершы «Ворагам беларушчыны». Беларус гаворыць сваёй мовай—чужой ён ня краў. Калі ворагі зьдзекуюцца над «мужыцкай» мовай, то гэта затым, што яны баяцца яе. Дарэмна іх лаянка і зьдзек. «Не пагасіць вам праўды яснай: жыў беларус і будзе жыць».

Нацыянальнае беларускае пытаньне ў творах нашаніўцаў само сабой злучаецца з соцыялыным «мужыцкім» пытаньнем. Беларусь—мужыцкая старонка, беларус у масе—селянін. Вузенькая палоска, крывая хатка, садочак каля яе,—усё гэта тыповыя рысы Беларусі. Па жыцьцёвым шляху ваграмністаю грамадою ідуць беларусы. Абутыя ў мужыцкія лапці, нясуць яны на паказ на цэлы сьвет сваю векавечную крыўду. Гора падняло іх на ногі, і хочуць яны ня так ужо многа: хочуць яны цяпер «людзьмі звацца». Сытыя і адзетыя павінны пашкадаваць мужыка-бедака, бо ён галодны, халодны, цёмны і няшчасны. Ён цэлы сьвет хлебам корміць, а сам есьць мякіначху. Працуе ён зімой— цягне дровы ў Менск. Вясна настала—хлеба няма. «Працуй цяжка дні і ночы, пагарду цярпі. Сказаў праўду, дзяруць вочы—вось тут і жыві» (Я. Купала). Мужык-беларус сушыць балоты, за бясцэн косіць панскія лугі, рые, як крот, зямлю, будуе фабрыкі і масты, але сам—«голы як бац». Яго мочыць раса, пячэ сонца. На зямлю ён праліў шмат поту і сьлёз. Няма ў яго цяжкім жыцьці і адпачынку. Толькі ў магіле адпачынак. «Могілкі ў полі адны-адзінюткі. Праслы гнілыя на землю ляглі