Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/235

Гэта старонка была вычытаная

Крыж пахінуўся, як кветка у боры. Многа іх, многа ляжыць на зямлі. Кучка бярозак, вярба ды хваінка. Вецер разьвеяў іх, дождж спаласкаў. Вось дзе ад гора мужык адпачыне, вось дзе ён думкі і сьлёзы схаваў» (Я. Колас).

У нашаніўскім адраджэнстве знаходзіць сабе месца і беларускі пролетары. Дробная сялянская гаспадарка, ратуючы сябе ад яшчэ большага раздрабленьня, выкідвае на вуліцу лішнія рукі. Такім спосабам вынікае пролетары, выкінуты вёскай з гаспадаркі, Ён ужо ня мае ўласнай хаты з садочкам, ня мае ён нават вузенькага шнурочку зямлі. З голымі мазолістымі рукамі выходзіць на шлях жыцьця гэты будучы правадыр сялянства на шляху соцыяльнай рэволюцыі. Песьняром беларускага пролетара зьяўляецца Цішка Гартны (З. Жылуновіч). Яго пролетары—«рыцар працы цяжкой», каторы здружыўся з ёю і загартован ёю. «Я здружыўся з трудом, я ў ім рос, я ў ім крэп. Запрацованы хлеб люблю мець за сталом. Не хачу, ня прывык, склаўшы рукі, хадзіць: я—гарбар-працаўнік, я жыву, каб рабіць» (Ц. Гартны. «Песьні гарбара»).

Але ня так лёгка знайсьці пролетару працу на Беларусі, каторая ня мае моцна разьвітае прамысловасьці. У халодны дажджлівы дзень галодны гарбзр «шпаламі клыпае». Ён ужо прытаміўся, баляць косьці, жывот просіць хлеба, каторага няма. Ён ідзе ад хаты да хаты і просіць работы, каб зарабіць хлеба. З хат яму гукаюць, што працы няма, і гарбар ідзе далей. «З гораду ў горад блукае, клыпае. Ганіць яго холад, голад падганяе». Гора ідзе за ім сьледам, «каб ён не дабіўся сабе лепшай долі, шчасьця не дажыўся навекі, ніколі» (Ц. Гартны. «Гарбар на вандроўцы»).

Цяжкая рэакцыя адбілася і на настроі Ц. Гартнага. Бязвыхаднасьць і адчай часам запаўняюць сэрца і гэтага песьняра. Вось перад намі беларус-грабар, каторы ўсё жыцьцё сваё, як крот, капае зямлю.