Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/76

Гэта старонка была вычытаная

мове павінны пісацца і друкавацца урадавыя і службовыя паперы і абвесткі. Старыя літоўскія законы па сваёй сутнасьці і форме адчужаюць Беларусь ад Расіі, а загэтым трэба выкасаваць з ужываньня ў судох на Беларусі Літоўскі Статут. «Трэба рашуча зьніштожыць гняздо літоўскага вольнадумства скасаваньнем Віленскага унівэрсытэту і расформаваньнем яго па розных школах унутры імпэрыі». Усе другія школы ў Літве і на Беларусі трэба паступова і няўхільна перарабляць на ўзор рускіх школ. Трэба адабраць прывілеі ў каталіцкага духавенства, зьменшыць яго моц, узяць пад строгі нагляд і адсунуць бязумоўна ад асьветы. Усе каталіцкія ордэны, манастыры і школы— зачыніць. Тое месца, якое раней займала каталіцкае духавенства ў жыцьці Беларусі, павінна заняць праваслаўнае духавенства.

Вышэйпаказаныя запіскі Мураўёва зьяўляюцца урадаваю праграмаю мікалаеўскай русіфікацыі на Беларусі, каторая, з дадаткам усялякіх дэталяй, выконвалася ў другую чвэрць XIX сталецьця. Справа пачалася з ненавіснага для рускага ураду «гнязда літоўскага вольнадумства»—Віленскага унівэрсытэту, які станавіў цэнтр ня толькі «патрыотычнай» польскай культуры, але й мясцовай беларускай культуры, каторая разьвівалася тут побач і ў сувязі з польскай. 1 траўня 1832 г. Віленскі унівэрсытэт быў зачынен, профэсары яго часткаю разьбегліся самі, часткаю былі разагнаны урадам. Замест унівэрсытэту, быў астаўлен толькі адзін мэдыцынскі факультэт, каторы атрымаў назву мэдыцынскай акадэміі. Пры акадэміі існаваў вэтэрынарны аддзел, які быў вельмі рэдкім зьяўленьнем у тыя часы. Акадэмія ў Вільні праіснавала 10 год, зьяўляючыся, як раней унівэрсытэт, цэнтрам патрыотычнага руху польскай і беларускай шляхецкай моладзі. У 1838 годзе руская полатыя ўстанавіла сувязь студэнтаў акадэміі з эмісарам чырвонай польскай эміграцыі Канарскім. Загаворшчыкі былі адкрыты. Канарскі, злоўлены урадам, скончыў сваё жыцьцё на шыбеніцы ў Вільні на Лукіскім пляцы (1839 г.), а студэнты, што мелі з ім сувязь, паплаціліся катаргаю і выгнаньнем у далёкія краі Сібіры. Улада пастаралася даказаць, што прэзыдэнт акадэміі, проф. Кучкоўскі, ведаў аб політычных настроях студэнтаў, а таксама аб зносінах іх з Канарскім і не паказаў на іх рускаму ураду. Усё гэта ўтварыла для рускай улады мотывы, каб зачыніць рэштку Віленскага унівэрсытэту—акадэмію. Акадэмія была зачынена ў 1842 годзе. Профэсары і студэнты былі раскасіраваны па мэдыцынскіх факультэтах рускіх унівэрсытэтаў. Так скончыў сваё больш чым трыццацёхлетняе існаваньне на Беларусі Віленскі унівэрсытэт. Замест яго, Беларусь так і не атрымала ад Расійскай імпэрыі ніякай вышэйшай школы. Гэты факт цяжка адбіўся на навукова-культурных дасьледзінах Беларусі. Толькі ў нашыя часы, калі Беларусь зрабілася Савецкай рэспублікай, улада рабочых і сялян