Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/88

Гэта старонка была вычытаная

благачасьцівейшага гасудара імпэратара прыняць гэтую пастанову нашу пад сваю аўгусьцейшую апеку».

Расійскі Сынод доўга намаўляць ня прышлося. У сакавіку 1830 г. ён разгледзіў акт і ўхваліў такую пастанову: «Епіскапаў, сьвяшчэньнікаў і парафіі так званай дагэтуль грэка-вуніяцкай царквы, па сьвяшчэнных правілах і прыкладах сьвятых айцоў прыняць у поўную і канчатковую злучанасьць са сьвятою праваслаўна-кафолічнаю, усходняю царквою ўсерасійскаю». Сямашка за чыста зробленую політычную працу атрымаў чын архіепіскапа Літоўскага і Віленскага, а цар, здаволены такім канцом справы, на акце налажыў рэзолюцыю: «Дзякую бога і прымаю». Акт варт рэзолюцыі, і рэзолюцыя варта акту.

Масы простага беларускага люду маўкліва згадзіліся з скасаваньнем вуніі, паколькі царкоўна-рэлігійнае пытаньне ня было для іх найбольш балючаю хваробаю. Такою хваробаю было прыгоннае права, што аддавала селяніна цалкам у рукі пана. Трэба ўсё-ж такі аказаць, што за 243 гады існаваньня вуніі беларускі люд у пачатку сілком, потым добрахвотна зжыўся з вуніяй і звык да яе. Гвалтоўная ліквідацыя вуніі зноў ударыла па яго цярплівасьці, зноў разьвярэдзіла яго рэлігійную хваробу. Загэтым і цяпер беларускі селянін з такою труднасьцю вылечваецца ад гэтай хваробы.

Беларускі рух у першай палавіне XIX сталецьця.

Росквіт беларускай культуры падае на XVI і XVII сталецьці. Пачынаючы з канца XVII сталецьця, узмацняецца полёнізацыя вышэйшых станаў беларускага грамадзянства, каторыя як экономічна, так і політычна зьвязаны з шляхецкім ладам Польшчы і інтарэсы каторых цягнуцца туды. К канцу XVIII сталецьця беларусам застаецца толькі селянін і чорнарабочы, інтарэсы каторых не здавальняюцца польскім укладам жыцьця і ў каторых няма орыентацыі на Польшчу. Гэтая вялікая шматміліённая грамада беларусаў зьяўляецца соцыяльна і політычна прыгнечанаю масаю, тым рабочым, хлопскім «быдлам», каторае сваім мазалём і потам багаціць польскага ці полёнізаванага беларускага пана, шляхціца і магната. За цяжкаю прыгоннаю працаю ня было часу хлопу-беларусу думаць думку аб тым, хто ён такі, якога ён роду і племені. Яму было не да культурна-нацыянальнага пытаньня, калі над ім вісеў панскі бізун. Беларускія прыгнечаныя масы ведаюць толькі, што яны «тутэйшыя», што складаюцца яны з мужыкоў і чорнарабочых, што іх мова і быт не такія, як у полёнізаванага і польскага пана, — мужыцкая мова і мужыцкі быт. Толькі сярод дробнай беларускай шляхты, каторая яшчэ не пасьпела полёнізавацца, дзе-ні-дзе яшчэ засталося пачуцьцё сваёй нацыянальнасьці.