Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/168

Гэта старонка не была вычытаная

польскасьць, ці абпалячанасьць і шляхоцкасьць. На 19 годзе жыцьця, у Селішчах, памёр увясну бацька, а ўвосень брат і патым блізка ў адзін дзень памёрлі яшчэ дзьве сястры. Тады зусім адвярнула поэта ад гаспадаркі; матка засталася гаспадарыць. а ён ад сахі і касы пайшоў у сьвет. Цераз 2—3 гады сям‘я Луцэвічаў пераехала ў Бараўцы (Менск. пав., 18 вёрст ад Менску), а стуль пазьней—ў Акопы (35 вёрст ад Менска, блізка Радашковіч), дзе матка поэта жывець і цяпер. Пайшоўшы ў сьвет, Луцэвіч быў некалькі месяцаў вучыцелем нелегальнай польскай школкі. Кінуў гэта і паступіў быў на сэкрэтара к сьледавацелю ў Радашковічы, але той хутка сказаў яму: „Дрэнна пішаш,—лепей ідзі гараць“. Дастаў быў службу ў лесе ў Сеньненскім павеце Магілеўшчыны, але і там не пашчасьціла, і ён мусіў паіці за памошніка аканома ў двор Беліцу пана Сьвяціцкага (35 вёрст ад Талачына). Не спадабаўшыся пану за адносіны да работнікаў, ён дацягнуў, аднак, там зіму да канца. Паехаўшы даведацца хворай маткі, Луцэвіч бавіў ўдаму нядоўга і ўзноў пайшоў на службу на гэты раз практыкантам у Сімкова-Гарадоцкі бровар (12 вёрст ад Менска), дзе працаваў бяз грошы, за „навуку“ і, можна сказаць, быў звычайным работнікам. Так пражыў зіму 1904—1905 года. Раней ён ужо пісаў польскія вершы, а тут пад ўражаньнем рэволюцыі і ў зьвязку з сваім соцыяльным палажэньнем пачаў складаць вершы беларускія,—„простыя“, мужыцкія. Лета пражыў удаму, пісаў многа і толькі пабеларуску. Зіму 1906—1907 г. г. служыў у бровары ў Яхімоўшчызьне Ашмянскага павету і пачаў супрацоўнічаць у беларускіх выданьнях. Пражыўшы лета ўдаму, ён служыў узімку 1907—1908 г. г. ў трэцім бровары ў двары Сноў Наваградзкага павета. Адтуль пасылаў у расейскія газэты вершы і корэспондэнцыі з апісаньнем цяжкога жыцьця работнікаў, за што чуць не дастаў апшыту, але сам па сабе надумаўся і паехаў дамоў. Тады яго запрасілі ў Вільню; ён прыехаў у восень 1909 г. і працаваў у бібліатэцы „Знаніе“ да восені 1909 г. Патым паехаў у Пецярбург, з дапамогай Эпімах-Шыпілы паступіў на агульна-асьветныя курсы Чарняева і вучыўся аж да лета 1913 г., прыязджаючы на Беларусь толькі ўлетку. Вучэньне йшло ня вельмі добра, бо зарабляў на хлеб шмат чытаў і хацеў пісаць. Напісаў ён за гэты час дужа многа. Адпачыўшы нейкі час ў Акопах, Купала прыехаў у Вільню, дзе і жыў з 1913 г. да восені 1915 г. працуючы ў „Беларускім Выдавецкім Таварыстве“, а посьле рэдактуючы „Нашу Ніву“. Яго мізэрнага заработка не хапала яму на самае сьціплае жыцьцё. У пачатку вайны ён пазнаёміўся з гасьціўшымі ў Вільні В. Брюсавым і К. Бальмонтам. Брюсаў пераклаў некалькі яго вершаў. Калі падыходзілі немцы, Купала выехаў у Менск, а пазьней, як бежа-