ІІ. Беларускі народ жыў, жыве і жыць будзе
Сёньня яшчэ часта можна пачуць галасы аб тым, што ніякай Беларусі, ніякага беларускага народа ніколі не было, а з нічога, як ведама, нічога і быць ня можа. Тым часам пагляд гэткі, як сёньня ўжо дастаткова выказала навука, цалком фальшывы і, як гэткі, з праўдай не мае нічога супольнага.
Кожны паасобны чалавек, як ведаем, перажывае розныя пэрыяды свайго разьвіцьця. Сьпярша жыве ён толькі ў зародку, пасьля перажывае час дзяцінства, пазьней час моладасьці, тады час дасьпеласьці і, урэшце, старасьці, а таксама час здароўя і хворасьці. Гэтулькі перажывае рознага жыцьця адзін і той самы чалавек.
Нешта падобнае дзеецца і з народам. І народ кожны пачынаецца ад якога племяннога зародку, перажывае час свайго дзяцінства, моладасьці, дасьпеласьці, старасьці, заняпаду і адраджэньня. Розьніца між паасобным чалавекам і народам толькі тая, што народ, не памёршы ў першых пэрыядах свайго разьвіцьця, звычайна астаецца доўга-доўга жыць. Дзеля гэтага іменна і кажуць, што народы быццам не ўміраюць, хоць фактычна ўміраюць і яны, як і кожны паасобны чалавек.
З гісторыі чалавецтва бачым, што народы імкнуцца звычайна да дзяржаўнага жыцьця і што гэта дзяржаўнае жыцьцё яны твораць на асновах розных грамадзкіх вартасьцяў, якія часта зьяўляліся вартасьцямі адначасна для многіх народаў. Такімі грамадзкімі вартасьцямі даўней былі: племянное пачуцьцё сваяцкасьці, а пазьней рэлігія і дынастыя (род пануючых валадароў). Бывала таксама асновай для дзяржаўнасьці — часта нават розных народаў — супольная тэрыторыя, гісторыя, прыродныя граніцы якога краю, заваяваньне, патрэба палітычнай раўнавагі.
Клясычным прыкладам, як можна будаваць дзяржаву з розных нават народаў на асновах, напр., рэлігіі і дынастыі —