рускіх землях не пазваляў дзеіць на некарысьць народу так-жа і князём паходжаньня не мясцовага, а чужацкага. Вонкавым, такім чынам, паказальнікам жыхаром беларускай зямлі, што яны між сабой родныя, што яны сваякі, служыла дынастыя агулам мясцовых князёў, а перадусім полацкіх. Гэта ж дынастыя, апрача пачуцьця племяннога сваяцтва і супольных інтарэсаў эканамічных, у той пэрыяд беларускай гісторыі і была тым галоўным грамадзкім злучвом, якое спрыяла далейшаму разьвіцьцю пачуцьця сваяцкасьці між жыхарамі беларускай зямлі, а таксама была яна той грамадзкай асновай, на якой будавалася беларуская дзяржаўнасьць, сьпярша на землях Полаччыны, а пазьней на ўсіх землях сёньняшняй Беларусі.
Праўда, яшчэ ў гэтым пэрыядзе беларускай гісторыі народ наш і наш край не завецца беларускім, а пераважна крывіцкім, але назва не зьмяняе справы. Беларусы зваліся крывічамі, бо гэта было найвялікшае племя, з якога паўстаў цяперашні беларускі народ. Адзінства беларускай культуры «ў пісаных помніках, у малярстве, будаўніцтве і грамадзкім укладзе праяўляецца на ўсім абшары ад Новагорадка Наднёманскага да Новагорадка Северскага і Вялікага Ноўгарада — “тудѣ живяху Крывічы” — як выражаецца летапісец»[1].
Далей, аднак, аставацца незалежным і самастойна кіраваць сваёй дзяржавай на ўсіх сваіх землях беларускаму народу не ўдалося. У XІІІ і XІV стст. нямала было прычын, якія дамагаліся ад беларусаў аб’яднаньня іх з Літвой. З усіх бакоў пачалі напіраць на беларускія землі ворагі. З паўдня ішла руіна і няволя ад татараў, з поўначы і захаду націскалі нямецкія рыцары, палонячы і сілай хрысьцячы беларусаў паводле лацінскага абраду. У палове XІV ст. стала таксама напіраць на Беларусь і маладое Каралеўства Польскае, якое толькі што паўстала з развалін удзельнай эпохі. А ўзноў з усходу пайшлі крыўды і зьніштажэньні ад усьцяж магутнеючага Княства Маскоўскага. Пры гэткіх варунках, рэч ясная, што новапаўстаўшаму Вялікаму Княству Літоўскаму было лёгка стацца палітычным цэнтрам, да якога сталі хінуцца беларускія землі, тым больш, што ад самага пачатку свайго існаваньня яно было ня проста літоўскім, а літоўска-беларускім[2].