Гісторыя, значыць, так пакавала лёсам беларускага народа, што ён быў змушаны злучыць свой лёс з Літвой, з якой разам збудаваў супольную беларуска-літоўскую дзяржаву, што пратрывала ад XІІІ да паловы XVІ ст., да Люблінскай уніі з Польшчай.
У гэтым пэрыядзе, калі, як кажа Карскі[1], беларускія плямёны аканчальна зьліліся ў адзін беларускі народ і калі мова яго аканчальна злажылася і выдзелілася ў мову самабытную беларускую, як кажа той жа Карскі[2], народ і край наш ужо суседзі нашы называлі беларускім, а ён сам, хутчэй, сябе зваў літоўскім з прычын палітычных. У гэтым пэрыядзе народ беларускі далей разьвіваў сваю нацыю і будаваў сваю дзяржаўнасьць, але ўжо на іншых, на новых грамадзкіх вартасьцях, на новых асновах. А рабіў ён гэта дужа мудра і арыгінальна.
Дынастыя беларускіх князёў, родных павадыроў беларускага народа, калі не выгасла, дык так расьцерушылася, што ўжо не здольнай была лучыць у цэласьць і бараніць яго. Бясьсільным тут ужо было і народнае веча. Вось жа на зьмену гэтай дынастыі роднай прыходзе чужая, прыходзе дынастыя літоўскіх князёў. Народ наш — дабравольна ці не, — але годзіцца з ёй і даручае ёй свой палітычны лёс, пакідаючы, аднак, свайму кіраўніцтву справу культуры і справу свайго ўнутрана-грамадзкага ладу. Выйшла так, што палітыку тварылі прадусім літоўцы, а культуру — беларусы. З гэткага даволі рэдкага ў гісторыі супрацоўніцтва двух народаў паўстала слаўная ў гісторыі літоўска-беларуская дзяржава, у якой, калі не лічыць меншых уплываў украінскіх, сапраўды панавала беларуская мова і беларуская культура. Дык хоць падзяліўся ролямі наш народ з літоўскім у гэтым пэрыядзе свайго палітычна-грамадзкага жыцьця, але бадай ні ў чым не зьменшыў і не прыцьміў сваёй нацыянальнай сілы, а наадварот — зрабіў ён праз гэта вялікі шаг уперад у сваім гістарычным разьвіцьці.
У першым пэрыядзе нашай гісторыі Беларусь была там, дзе панавалі беларускія князі і іх роды, а ў гэтым там, дзе разьлягалася беларуская граматнасьць, беларускае пісьменства.