Пасьля гэтага сьветлага літ.-бел. пэрыяду беларускаму народу прыйшоў час упадку, час заняпаду і палітычна дзяржаўнага і культурнага. Быў гэта час, калі народ гэты пасьля Люблінскай уніі (1569) апынуўся пад Польшчай, ужо не як палітычна самастойны, але як яе падданы, а пасьля разьдзелу Польшчы (канец XVІІІ ст.) апынуўся ён у такім жа палажэньні пад Расеяй. Аднак народ наш і тут жыў таксама вартасьцяй грамадзкай, якая яму прыпамінала яго нацыянальную асобнасьць — ягоную няпольскасьць і нерасейскасьць. Гэтай вартасьцяй, гэтым народным ідэалам была рэлігія і Царква. Праўда, рэлігійным наш народ быў заўсёды, заўсёды ён цаніў рэлігію высока, тварыў заўсёды рэлігійную культуру: пісьменства, малярства, архітэктуру і г. д., але на гэтую справу асаблівую зьвярнуў ён увагу ў пару свайго заняпаду, у пару сваёй палітычна-грамадзкай няволі.
Калі народ наш пачуў незвычайны націск на сябе з боку Польшчы, калі пабачыў, што можа згінуць, асаблівую ўвагу у сваім жыцьці грамадзкім зьвярнуў ён на рэлігію, бо ён ведаў, што, баронячы рэлігію і Царкву, бароніць нацыю, бароніць народ. І сапраўды — у XVІІ і XVІІІ стст. толькі рэлігія была той грамадзкай вартасьцю, якая зьберагала беларускую нацыю і тварыла беларускую культуру як адзнаку жыцьця народа. Вось чаму беларусы часта так сапраўды гераічна бароліся з рэлігійнай уніяй, слушна бачачы ў ёй наступ польшчыны, а пасьля, калі з уніяй зжыліся і у значнай меры не дапусьцілі да яе поўнага злаціншчаньня і спольшчаньня, калі унія была ўжо знакам, які розьніў беларуса як ад польскага каталіцтва, так і ад маскоўскага праваслаўя, калі унія сталася адзінай апорай бел. культурнай асобнасьці, адзінай апорай беларускай нацыі, — беларусы яе такжа гераічна баранілі проціў наступу маскоўскіх цароў, што сягалі па душу яго пры помачы верных слуг сваіх, здрадзіўшых унію эпіскапаў Сямашкі, Лужынскага і Зубкі.
Цікава таксама адзначыць, што ў гэтым часе беларускі народ зваў сябе пераважна тутэйшым, рэзка гэтым адзьдзяляючыся ад напіраючай на сябе чужой, ня тутэйшай Польшчы і Расеі.
Розна, як бачым, жыў у гісторыі беларускі народ, але жыў заўсёды, будуючы сваю дзяржаўнасьць, творачы свой грамадзкі лад і сваю культуру і гэтым разьвіваючы сваю нацыянальнасьць.