Але даўней, як бачым, як народ беларускі, так-жа і іншыя народы, жылі інакшымі ідэаламі, як сяньня. Сяньня кожны народ імкнецца да еднасьці і непадзельнасьці сябе, да пераламаньня граніц дзяржавы, якая дзеліць народ і ўрэшце імкнецца да поўнай самадзельнасьці палітычнай. Даўней тварыліся дзяржавы зложаныя часта з розных народаў на асновах, на якіх сяньня ўжо дзяржавы ня будуюцца. Сяньня ўсе дзяржавы ў Эўропе аснаваны прадусім на нацыянальнасьці, гэта знача, што кожная нацыя, кожны народ сам сабе будуе дзяржаўнае жыцьцё, творыць сваю ўласную нацыянальную культуру і жыве сваім уласным самастойным жыцьцём. Гэткія ідэалы мае сяньня і народ беларускі і імкнецца да таго, каб яны сталіся чынам.
І так, калі народ беларускі быў пад Масквой, калі многія яго ўважалі за нябошчыка, калі на пацеху сваім ворагам, пад гнётам доўгай няволі губячы свой нацыянальны воблік, пачынаў называць сябе „польскай і рускай веры, тады пачалося яго адраджэньне, пачалося прабуджэньне да новага жыцьця, тады прышла і да яго зорка, зьвяшчаючая яму ідэалы жыцьця нацыянальнага ў сучасным разуменьні гэтага слова.
Праўда, у гэтым сваім сучасным імкненьні да вольнага нацыянальнага і соцыяльнага жыцьця і да эканамічнага дабрабыту, народ беларускі напаткаў вялікую перашкоду з боку маскоўскага комунізму, які сілай ломячы усебаковае беларускае нацыянальнае адраджэньне, творыць з беларусаў казённых парабкоў-пролетараў без сваей гаспадаркі, без сваей бацькаўшчыны і бяз уласнай волі. Аднак можна цьвердзіць напэўна, што маскоўскі комуністычны прасьлед нацыянальнага адраджэньня беларускага народу і яго волі да дзяржаўнай незалежнасьці можа гэтае адраджэньне і волю часова прыпыніць і нават скрывіць, але цалком здушыць ня зможа. Нацыянальнае пачуцьцё, як грамадзкую вартасьць сучаснай цывілізацыі і поступу, народ беларускі мусіць перажыць для ўласнага свайго дабра, каб ні чыім не аставацца парабкам. А сучасны прасьлед Масквой беларускай нацыі ў апошнім сваім выніку справу поўнага адраджэньня і вызваленьня гэтай нацыі толькі прысьпяшыць і больш скрысталізуе.
Цікава пры гэтым урэшце адзначыць, што як поўны занепад беларускага народу прышоў у пач. XVII ст. з поўным пераходам асьвечаных шляхоцкіх клясаў у польскасьць, са здрадай