народу, так адраджэньне прышло з паваротам да народу ад людзей з тых жа шляхоцкіх клясаў, праўда, ужо абяднеўшых і збліжаных да народу. І сапраўды, справа палітычнай і грамадзкай самастойнасьці нашага краю і справа самастойнасьці культурнай народаў гэтага краю замёрла разам з Вялікім Львом Сапегай (+1633), але замёрла часова; прашло 230 гадоў і гэтую справу ўскрасіў Кастусь Каліноўскі і павіс за яе на шыбеніцы. Ён сапраўды ўскрасіў дзяржаўніцкую фэдэрацыйную ідэю зямель Вялікага Княства Літоўскага, - якім яно фактычна было яшчэ пасьля Люблінскае уніі за часаў Льва Сапегі, - але ён ужо прадусім зварочваў увагу сваю на народ беларускі і - можа нават нясьведама зачаў такім чынам у яго разьвіцьці эру змаганьня за поўную палітычную незалежнасьць Беларусі.
У пятнаццаць якіх гадоў па сьмерці Каліноўскага, падобныя ж беларускія палітычныя ідэалы разьвіваў Ігнат Грыневіцкі, вышаўшы, здаецца, так-жа з абяднелай і спольшчанай беларускай шляхты - і ўрэшце людзі, якія выдавалі для пашыраньня гэных ідэалаў адумысловую часопісь "Гоман".