ІІ. Палітычна-вызвольныя ідэі ў Эўропе ХІХ ст. і Беларусь.
К. Каліноўскі з сваей часопіся "Mużyckaja Prauda", як сказана вышэй, І. Грыневіцкі і тыя беларускія народнікі, што выдавалі часопісь „Гоман", былі першымі ў ХІХ ст. пачынальнікамі палітычнага вызваленьня Беларусі пасьля яе доўгага занепаду. Аднак ані гэныя людзі, ані чыны іх не зваліліся з неба, не паявіліся ні з сяго, ні з таго на беларускіх гонях, але памог зрадзіць іх дух часу, патрэбы і ідэалы, якія тады панавалі ў заходняй Эўропе.
У ХѴІІІ ст. ў літаратуры панаваў там яшчэ, асабліва ў Францыі, пераважна так званы клясыцызм. Гэта знача, што пісьменьнікі рознага роду краснага пісьменства сьлепа трымаліся ў сваім літаратурным творстве формаў і спосабаў старадаўных грэкаў і рымлянаў, а ня ўнікалі ў дух і глыбіню думак іх. Гэтыя новыя клясыкі, ці як часта звалі іх псэўдо (фальшывыя), або францускія клясыкі, ня бралі з культуры старадаўных грэкаў і рымлянаў веды, а бралі толькі форму, насьледавалі толькі вонкавы бок іх творства. Гэта у выніку давяло да ўпадку літаратуры, да сьмешнасьці нават і змусіла пісьменьнікаў шукаць новых дарог.
На зьмену - і як проціўвага клясыцызму - прышоў узноў романтызм. Романтызмам завецца такі кірунак людзкой думкі, які кладзе націск пераважна на асабістасьць чалавека, на пачуцьцё і выабражэньне яго. Кірунак гэты зварачваецца да мінуўшчыны народаў, да сярэднявечча і да хрысьціянства. Романтызм быў кірункам, які абыймаў усе галіны духовага творства чалавека, а знача і навуку, асабліва гісторыю, філёзофію і мастацтва.
Пачатак романтызму адносіцца да таго часу, калі ў Эўропе, пасьля ўпадку Зах. Рымскай Імпэрыі, паўставалі новыя хрысьціянскія дзяржавы, аснаваныя раманскімі народамі. Тады паявілася романтычная літаратура, або романтызм, які фактычна азначаў сярэдневяковую літаратуру, прасякнутую містыцызмам.