Старонка:Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (1935).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

У час гуманізму, або адраджэньня (ст. XIV-XVІ) романтызм паволі быў выціснуты клясыцызмам, пасьля выраджэньня якога ў канцы ХVІІІ ст. прышоў узноў романтызм абноўлены і адроджаны, прыносячы ўжо ў літаратуру новыя формы і пераважна новы зьмест. Цяпер на літаратуру пачалі глядзець як на самастойную галіну жыцьця паэтаў і пісьменьнікаў і як на дзейнік вышэйшых, ідэальных імкненьняў чалавека. Зьмест свой романтычная літаратура пачала чэрпаць з крыніц народнага жыцьця, а праз гэта новы романтызм зблізіў літературу з народнасьцяй.

Вясна романтызму засьвяціла так жа і над галавой Беларусі, а з ім прыходзіла да беларускага народу і ягонае нацыянальнае адраджэньне.

Романтызм у літаратуры з Эўропы даходзіў і да нас. Зярняты нацыянальных ідэяў, зроджаных романтызмам, дзякуючы стычнасьці з Эўропай асьвечаных клясаў нашага краю, дакаціліся і да Беларусаў. Дасканальным правадніком гэных ідэяў у нас быў да свайго закрыцьця (1832) Віленскі ўнівэрсытэт.

З муроў гэтага ўнівэрсытэту, або пад яго ўплывам, паявіліся беларускія романтыкі, паэты-пісьменьнікі: Ян Баршчэўскі, Ал. Рыпінскі, Ян Чэчат, а так-жа і бацька беларускага краснага пісьменства Вінцук Дунін-Марцінкевіч.

З муроў гэтага ж унівэрсытэту паявіліся так-жа беларускія романтыкі і ў навуцы, якія дасьледжвалі беларускую гісторыю, права, мову. Да гэткіх належаць: уніяцкія сьвяшчэньнікі: праф. М. Баброўскі і Платон Сасноўскі, а так-жа праф. Ігнат Даніловіч, Яз. Ярашэвіч і іншыя.

У тым жа больш-менш часе, гэта знача ў канцы ХVІІІ і ў пач. ХІХ ст., апрача романтызму ў літаратуры, у мастацтве і навуцы паявіўся ў тэй-жа Зах. Эўропе і романтызм народнапалітычны. І гэта цалком зразумелая рэч. Калі романтыкі ў літаратуры і навуцы апявалі і апісвалі красу жыцьця народаў і іх слаўную мінуўшчыну, дык не маглі яны ня ўбачыць і ад'ёмных бакоў гэтага жыцьця, як няволі палітычнай і соцыяльнай народаў. І сапраўды, романтызм літаратурны і навуковы лёгічна вёў да романтызму палітычна-народнага. Ад песьняў аб красе і нядолі жыцьця народаў, ад навуковых досьледаў над гісторыяй і мовай народаў, - беспасрэдны пераход да барацьбы за лепшае палітычнае і соцыяльнае жыцьцё іх.