Украінскі гісторык Мікалай Костомараў (1817-1885) быў тварцом ідэолёгіі фэдэрацыі славянскіх народаў на асновах хрысьціянскай любові і справядлівасьці. Дзеля пашырэньня гэтых вялікіх ідэяў, ён — разам з іншымі — заснаваў ведамае ў гісторыі Кірыла-Мяфодаўскае Брацтва". Праграма гэтага палітычнага брацтва прадбачыла незалежнасьць кожнага славянскага народу, злучанага фэдэрацыйна з Расеяй. Між славянскімі народамі, што мелі ўвайсьці ў склад гэнай вялікай фэдэрацыі, паіменна быў браны пад увагу і народ беларускі. Усё правадаўства, уласнасьць і асьвета у гэнай славянскай фэдэрацыі павінны былі апірацца на навуцы Хрыстовай[1]. А затым, што падобныя фэдэрацыйныя ідэалы, як ведаем, мела і демокрацыя польская, прынамсі што да Беларусі, Літвы і Украіны, жадаючы, каб гэтыя краіны ўвайшлі ў Фэдэрацыю з Польшчай, Костомараў уважаў, што Беларусь, Літва і Украіна самі павінны выявіць сваю волю, да якой фэдэрацыйнай дзяржавы яны хочуць належаць: да Расейскай, ці Польскай[2].
Брацтва сьв. Кірыла і Мяфода, да якога належыў і Шэўчэнка, у 1857 г. царскай уладай было скасавана, а сябры яго арыштаваны і павысыланы ў Сібір. Ідэі аднак гэтага Брацтва асталіся жыць далей. Ідэі гэныя пашыраў далей і разьвіваў другі ўкраінскі вучоны гісторык і палітык Міхал Драгоманаў (1841-1895), фэдэралістычныя думкі якога мелі вялікі ўплыў і на інтэлігенцыю расейскую. Быў ён між іншым рашучым праціўнікам, каб Літва і Беларусь, замест быць вольнымі фэдэрацыйнымі дзяржавамі ды былі звычайнымі правінцыямі Польшчы, або Расеі[3].
Гэтымі ідэямі кармілася і беларуская моладзь на расейскіх унівэрсытэтах. Гэтыя ідэі радзілі сярод іх барацьбітоў за палітычную волю беларускага народу. Гэтыя ідэі зрадзілі беларускіх народавольцаў: Каліноўскага і яго "Mużyckuju Praudu", Грынявіцкага і тых барацьбітоў, што выдавалі "Гоман".