IV. К. Каліноўскі — пачынальнік беларускага палітычнага вызваленьня.
Аб Каліноўскім даводзілася ўжо мне пісаць даволі шырока з нагоды 70-лецьця беларускай прэсы[1]. Дзеля гэтага ў гэтых нарысах - з нагоды 70-лецьця яго сьмерці — аб Каліноўскім скажу толькі агульна і прытым пераважна толькі тое, што ня было сказана аб ім у маей працы ранейшай і ўрэшце тое, што мае паказаць нам Каліноўскага, як пачынальніка беларускага палітычнага вызваленьня.
Радзіўся К. Каліноўскі ў 1838 г. ў фальварку Мастаўляны, недалёка ад Ялоўкі, Ваўкавыскага павету, гадаваўся ў фальв. Якужоўка, таго ж павету, недалёка ад Сьвіслачы. Бацкі яго былі каталіцкай беларускай спольшчанай шляхтай. Магчыма, што яны з уніятаў, бо Кастусь у сваей Mużyckaj Praudzie - пад мянюшкай Ясько Гаспадар з пад Вільні ў вадным месцы прыпамінае беларускім сялянам, што ён фактычна такі-ж самы мужык" як і яны ды яшчэ й уніякай веры". Ведама, можа гэта ў Каліноўскага толькі агітацыйны зварот, але можа гэта і адгалосак шчырай праўды. Не забываймо, што сярод беларускай шляхты былі і праваслаўныя і уніяты, якія ўрэшце аканчальна папераходзілі ў лацінскае каталіцтва.
Бацька Кастуся паходзіў з Рэплі, усё таго-ж Ваўкавыскага пав. Быў, як сам аб сабе кажа, "rękodzielnik", займаўся вырабам "obrusów i serwet". Граматы вучыўся дома, меў "wychowanie domowe"[2].
Вучыўся Кастусь сьпярша ў Сьвіслацкай гімназіі, а пасьля паўгода (1855) у Маскоўскім і ўрэшце ў Пецярбурскім унівэрсытэце, які скончыў у 1860 г. з стопнем кандыдата права.