У унівэрсытэце Кастусь Каліноўскі ня толькі вучыўся права, але адначасна знаёміўся з справамі грамадзка-палітычнымі і належыў да народніцкіх рэвалюцыйных арганізацыяў. Вышаў наш малады Кастусь з унівэрсытэту ідэйным рэвалюцыянэрам-народнікам. Працу сваю палітычную пачаў у роднай Горадзеншчыне сярод беларускага народу. Дзеля гэтай мэты летам 1862 г. у Беластоку наладзіў патаемную друкарню, у якой, як ужо ўспомнена, пад мянюшкай Ясько Гаспадар з пад Вільні выдаваў беларускую часопісь "Mużyckaja Prauda".
Калі ў пачатку 1863 г. выбухла ў нашым краі польскае паўстаньне, Каліноўскі да яго далучыўся і стаўся сьпярша палітычным камісарам Горадзеншчыны, а пасьля, калі паўстаньне ўпадала, абняў над ім дыктатарства ў Літве і Беларусі.
Праз увесь час сваей рэвалюцыйна-вызвольнай працы, Каліноўскі належыў да кірунку польскіх дэмократаў-народнікаў і з імі супрацоўнічаў, а з польскім цэнтральным нацыяналістычна-захопніцкім камітэтам, з прычын ідэовых розьніц у паглядах, быў у пастаяннай нязгодзе.
29.1.64 Каліноўскі быў жандарамі Мураўёва злоўлены, асуджаны на сьмерць і 10.ІІІ старога стылю таго ж 1864 г. на лукіскім пляцы ў Вільні павешаны, калі яшчэ меў усяго толькі 26 гадоў веку.
У гэтых нарысах ужо ўспаміналася, што беларускае палітычнае вызваленьне пачалося з тэй грамадзкай клясы, на якой беларускае палітычнае жыцьцё занепала, Фармальна палітычная самастойнасьць нашага народу перастала існаваць на Люблінскай уніі 1569 г., а фактычна значна пазьней. Яшчэ праз некаторы час па Люблінскай уніі, аж да пачаткаў ХVІІ ст., Беларусь і Літва шмат мелі палітычных і іншых правоў, якіх яны стойка баранілі. Так напр., ня гледзячы на палітычную унію з Польшчай, Беларусь і Літва мелі яшчэ сваё асобнае ад Польшчы войска, асобныя законы і некаторыя асобныя дзяржаўныя пасады. Нават грошы і тыя аж да першай паловы XVII ст. былі асобныя ў Кароне і ў Вялікім Княстве[1].
- ↑ Праф. У. Ігнатоўскі — Кароткі нарыс Гісторыі Беларусі — Вільня 1921 г. бач. 71.