нографічных землях дабіўся поўнай палітычнай незалежнасьці і ўсё сваё эканамічнае, грамадзкае і культурнае жыцьцё будаваў прадусім на сваіх уласных нацыянальных падставах. Гэтак шырока і поўна справы беларускага народу Каліноўскі яшчэ не разумеў. Ён яе разумеў настолькі, насколькі разумець яе пазвалялі яму тагочасныя ідэовыя кірункі ў падобнай справе і насколькі рабіць яму гэта пазваляла і вымагала тагочаснае палітычна-соцыяльнае палажэньне беларускага народу. Нацыянальная асобнасьць беларускага народу была яму яснай. Аб гэтым шмат пісалі і гаварылі лепшыя расейцы: Бакунін, Гэрцэн і інш. у "Колоколе" (1857—1867), а так-жа Украінцы: Костомараў, Шэўчэнка і інш. Ідэямі-ж, якія пашыралі гэтыя людзі, як сьведчаць многія гісторыкі[1], Каліноўскі жыў і карміўся. Але яшчэ больш ясным фактам была для яго паншчына на Беларусі, поўная соцыяльная няволя беларускага народу і поўная няволя палітычная пад ярмом расейска-царскай улады. Вось-жа першай баявой задачай для Каліноўскага было ня толькі скончыць аканчальна з паншчынай[2], але агулам скончыць з панскай над беларусамі апекай, надзяліўшы беларусаў зямлёй на ўласнасьць і зрабіўшы іх вольнымі соцыяльна і так-жа скончыць з царскім уціскам палітычным, надзяліўшы беларусаў палітычна-грамадзкімі правамі. Надзяліць жа гэнымі правамі беларусаў, абараніць гэныя правы, іх угрунтаваць і павялічыць было-б магчыма ў вачох Каліноўскага толькі тады, калі-б народ наш не залежыў сусім ад царскай Расеі і ад польскіх паноў, будучы з Польшчай злучаны толькі фэдэрацыйна.
Але й тут трэба нам выясьненьня. У Каліноўскага ня было — бо і не магло быць — беларускага нацыяналізму ў сучасным разуменьні, але ў яго, як і ў многіх са шляхты, былі яшчэ жывыя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага, ці як тады казалі, проста Літвы, гэта знача - прадусім традыцыі адзінства зямель Літвы і Беларусі. Вось-жа Каліноўскі меў на мэце вызваленьне ад расейцаў і паноў усяго нашага краю: Літвы і Беларусі разам. Імкнуўся ён да таго, каб лі-