тоўска-беларускія землі, ці Літва, як іх звалі і як ён іх зваў, былі фактычна палітычна незалежныя, злучаныя з Польшчай толькі на правох вольнай фэдэрацыі. Каліноўскага звалі сучасьнікі яго так-жа Літоўцам, гэтакім і ён сябе называў. Паляком не называў ён сябе ніколі, бо гэткім ён не пачуваўся. Фактычна-ж ён быў беларускім народнікам, бо бадай выключна працаваў для і сярод беларускага народу і для яго выдаваў першую ў беларускай мове часопісь "Mużyckuju Praudu" і іншыя беларускія друкі.
Для зямель этнографічна-літоўскіх у тым-жа духу працаваў кс. Мацкевіч. У папярэднім разьдзеле ўспомнена, што фэдэрацыю можна разумець як крайнюю дэцэнтралізацыю дзяржавы, як самы шырокі самаўрад. Вось-жа Каліноўскі у сваіх друках і Мацкевіч у сваіх паказаньнях і выясьненьнях расейскім уладам па сваім арышце жадаюць для нашых зямель "самаўрадзтва"[1]. Але ня думаймо, што гэта "самаўрадзтва" надта вузка разумелася: не - у яго паняцьце ўходзіў краёвы сойм і краёвая ўлада для ўнутраных спраў краю. Вось у гэткім значэньні Каліноўскі быў беларускі народнік і пачынальнік беларускага палітычнага вызваленьня.
Каліноўскі, - як і беларускі, і літоўскі народ, і бадай большасьць дробнай шляхты, - быў фактычна проціў паўстаньня, бо ня верыў у яго удачу і было яно нязгоднае з яго ідэолёгіяй. На чале паўстаньня сталі буйныя польскія паны, якія на Беларусь і Літву глядзелі як на звычайныя польскія правінцыі і якія яны імкнуліся далучыць да Польшчы бяз ніякіх засьцярог. Да таго ж ня было надзеі, каб паны гэныя, здабыўшы палітычную ўладу ў краі, належна надзялілі сялян зямлёй і далі ім адпаведныя палітычныя і грамадзкія правы.
Польшч хутка запалілася да паўстаньня - кажа Каліноўскі ў сваім уласнаручна напісаным паказаньні на судовым сьледзтве — бо ў яе ўжо такі характар. А Літва, як больш сур'ёзная, была асьцярожнай дый варожай да паўстаньня. А да таго Польшч ня брала пад увагу інтарэсаў Літвы. Сяляне Літвы ўважалі, што зямля ўся іх і што паны
- ↑ Тэчка дакумантаў да справы Кс. Мацкевіча у Дзярж. Арх. у Вільні