шчыну падчас Вялікага Княства Літоўскага — дзеля-ж гэтага на'т завуць сябе Літоўцамі, — але ідуць яны да гэтага рознымі дарогамі: Каліноўскі апіраецца аб Польшч, а Грынявіцкі калі ўжо на Польшч ня было ніякай надзеі, - на Расею, у якой адбываўся вялікі рэвалюцыйна-народніцкі вызвольны рух, імкнучыся да перабудовы яе на падставах вольнай фэдэрацыі народаў.
І сапраўды, расейскія народавольцы імкнуліся да стварэньня з Расеі вольнай фэдэрацыі вольных народаў, бо-ж дзеля гэтага ў радох сваіх мелі арганізацыі, часта большменш аўтаномныя, народавольцаў украінскіх, а так-жа і беларускіх. Найлепшым гэтага доказам зьяўляецца часопісь "Гоман", якую выдавала група беларускіх народавольцаў, да якіх — як гэта відаць з апошняга артыкулу № 2 „Гоману" — да сваей сьмерці належыў і Грынявіцкі. "Гоман" вышаў на трэцім-чацьвертым годзе па сьмерці яго. Ігнат наш такім чынам быў неразарвальным злучвом вызвольнай беларускай традыцыі між Каліноўскім і ягонай «Mużyckaj Praudaj» і між «Гоманам», які становіць новы, далейшы этап у разьвіцьці беларускай вызвольнай барацьбы і думкі.