VI. "Гомон" і яго беларускія вызвольныя імкненьні.
"Гомон" — гэта часопісь беларускіх рэволюцыянэраў. Выдавалася яна шапіраграфскім спосабам, пісана парасейску, фармату больш-менш нармальнага сшытка; гдзе выходзіла — няведама; часопісь гэта, ясная рэч, выходзіла нелегальна, а дзеля гэтага не магла падаваць свайго адрасу. Можна дагадвацца, што выходзіла яна ў Пецяр бурзе, дзе быў галоўны цэнтр беларускай студэнскай моладзі.
Ведамы "Гоману" № 2. Сам розум кажа, што калі быў № 2. дык мусіў быць і першы. Гавора аб гэтым так-жа і № 2, у якім, на пачатку першага артыкулу „Бѣлорусское революционное обозрѣніе" з датай 15 лістапада 1884 г., чытаем даслоўна: "Прошло около года с тѣх пор, как появился первый № "Гомона»; мы вовсе не думали обрекать себя на столь долгое молчаніе, всему причиной независящія от нас обстоятельства", слишком измѣнчивыя в наши дни". Успамінаецца так-жа аб № 1 «Гоману» і ў артыкуле другім гэтай часопісі: "Внутреннее обозрѣніе". З гэтага выглядае, што мусіў быць "Гоману" і нумар першы. Аднак покуль няма сусім пэўных вестак, што ён сапраўды быў, што хоць яго і няма цяпер нідзе, але што нехта яго бачыў, датуль абсалютнай пэўнасьці аб яго выхадзе няма, бож не забываймо, што "Гоман" — часопісь рэволюцыйная, антыдзяржаўная, падпольная, дык надта магчыма, што рэволюцыянэры нашы выдалі адразу нумар другі, а аб першым успомнілі, каб нарабіць больш хлопатаў і загадак паліцыі. 50-лецьце такім чынам "Гоману" у сёлетнім 1934 годзе больш мае падстаў, як бы мела ў мінулым, калі-б мы хацелі гэты юбілей датарнаваць да часу выхаду „Гоману" нумару першага.
Адзін арыгінальны экзэмпляр «Гоману» нумару другога, а так-жа адзін экзэмпляр одпісу з яго знаходзіцца ў Беларускім Музэі ў Вільні. Для гэтай працы карыстаўся я одпісам.