чачы іх пароду ніжэйшай і народжаных для нявольніцтва. У выніку гэткага пагляду была няволя, тыранія і сьмерць многіх нават вялікіх народаў. У барацьбе гэтай нацыянальнай сьведамасьці яшчэ няма. Гэта ёсьць натуральная барацьба за існаваньне. Мы тут бяром за пачатак нацыянальнага пытаньня той мамэнт, калі ён паявіўся, як важны "общественный вопрос, уже испытавшій на себѣ попытку критики. Вопрос этот в нашем смыслѣ был выдвинут той самой вел. франц. революціей, которая претендовала на самую широкую космополитичность и которая желала облагодѣтельствовать все человѣчество невиданной свободой, выросшей на французской почвѣ". Француская нацыя першая прычынілася да паўстаньня сучаснага нацыянальнага пытаньня, якое ў найвялікшага нямецкага патрыёта Фіхте атрымала і тэорэтычную формулу. Ня гледзечы на гэта, нац. пытаньне дагэтуль мае ў сабе шмат аднастароннасьці і нам беларусам трэба раз назаўсёды выказацца аб ім, каб ухіліцца ад усякіх непаразуменьняў і абвінавачаньня нас у вузкім сэпаратызме.
Аднастароннасьць і вузкасьць разуменьня нац. пытаньня ў тым, што ў паняцьце нацыянальнасьці заўсёды ўносілася тэндэнцыя гвалту аднэй нацыі над другой і замкнёнасьць нацыяў у сваіх асабістых часта адсталых інтэрэсах. Лічачы чужыя нацыі, ніжэйшай расай", кожная нацыя звычайна гавора толькі аб сваей уласнай дасканальнасьці: немцы аб "нямецкім духу", палякі аб,,польскім духу", вялікаросы аб "рускім духу" і г. д. А гвалт называецца ўласным імем толькі тады, калі ён датыча ўласнай нацыі. Гэткае разуменьне нац. пытаньня змусіла соцыялізм да яго адносіцца адмоўна. Крытыкуючы сучасны эканамічны і палітычны строй, соцыялізм лёгічна дайшоў да пярэчаньня нац. пытаньня, вырасшага на грунце буржуазнай свабоды: "зачѣм политическая свобода, когда ею пользуются тѣ, кто угнетает націю? Зачѣм національный патріотизм, когда им пользуются для лучшей эксплотацій народных масс... Зачѣм во имя патріотизма эта нація будет уничтожать другую, когда в результатѣ борьбы пострадает та или другая в лицѣ простого народа?" З адказу на гэтыя пытаньні соцыялізм дайшоў да поўнай нэгацыі нацыянальнага пытаньня.