VII. "Mużyckaja Prauda" i "Гомон".
З таго, што вышэй сказана аб „Mużyckaj Praudzie" i аб "Гомане", можна ўжо аб іх мець даволі поўнае паняцьце. І дзеля гэтага шмат паўтарацца тут ня будзем, хіба толькі ў меру канечнасьці, а пераважна на падставе ведамых нам аб гэных часопісах вестак пастараемся зрабіць сынтэтычнае між імі параўнаньне.
Галоўная палітычна-грамадзкая мэта "Muž. Pr.", да якой яна заклікае беларускіх сялян, гэта: пазбыцца расейскага цара, пазбыцца паноў і паншчыны, здабыць для сялян зямлю на ўласнасьць, не плаціць вялікіх і крыўдных падаткаў, служыць у краёвым войску і ваяваць толькі за волю свайго краю, калі хто на яго нападзе, мець вольнасьць трымацца тэй веры, якой трымаліся прэдкі народу і быць вольнымі людзьмі, як гэта было ўжо ў многіх, а ў многіх заводзілася, дэмократычных дзяржавах Эўропы.
"Muž. Pr." заклікае беларускіх сялян да паўстаньня разам з палякамі проціў расейскага цара і проціў польскіх паноў. Палітычным сваім зьместам яна такім чынам адгараджваецца ад Расеі, як такой, з Польшчай-жа ня зрывае, а зрывае толькі з панскай, пануючай клясай.
Мэта беларускага ўчасьця ў польскім паўстаньні — здабыць вольнае і шчасьлівае жыцьцё, вольнае ад паншчыны і вольнае ад палітычнага польска-дзяржаўнага цэнтралізму.
У часапісе гэтым, праўда, не спатыкаем ані разу слоў: Беларусь, беларускі народ. Гаворыцца там толькі аб "нашым народзе" агулам, гаворыцца аб "мужыкох“, аб „мужыцкай долі", аб "мужыцкім народзе“, аб „нашым краі". Але край гэты і народ ягоны хоць дужа агульна, дужа асьцярожна, разважаецца як нешта асобнае і рознае ад Польшчы і палякоў. Заклікае гэты часапіс беларускіх сялян да паўстаньня разам з Польшчай, але з тэй, якая ідзе за „мужыкоў" і якая гварантуе вольнасьць беларускаму народу і краю.