І. Уступныя ўвагі
Кожны народ мае свае вялікія ідэалы, да якіх бязупынна, імкнецца, аб якіх сьніць салодкія сны і якім часта пасьвячае ўсё жыцьцё сваё.
Для паасобнага чалавека, у прыродным парадку жыцьця яго, найвялікшым ідэалам зьяўляецца жаданьне шчасьліва ўладзіць сваё жыцьцё і як найдаўжэй затрымаць яго.
Кожны народ, як грамадзкая і сьвядомая сваёй грамадзкасьці адзінка, таксама імкнецца да магчыма найбольш памыснага і найбольш трывалага жыцьця. Ідэал гэткі ў кожнага сьвядомага народа звычайна выяўляецца ў вольным, самастойным, незалежным жыцьці яго. Палітычная незалежнасьць і грамадзка-эканамічная самастойнасьць — гэта абавязковыя варункі памыснасьці і поўнага развою кожнага народа.
Беларускі народ, падлягаючы няўхільным законам жыцьця і яго логіцы, а таксама ідучы за прыкладам іншых народаў, 25.ІІІ.1918 праз лепшых сваіх сыноў усяму сьвету заявіў аб сваіх правох на палітычную незалежнасьць і аб сваёй няўхільнай да гэтага волі.
Але ніякія вялікія ідэалы, вялікія думкі, як у адзінак, так і ў народаў, звычайна не родзяцца зь нічога і раптоўна. У жыцьці духовым звычайна бывае так, як і ў жыцьці арганічным. Сьпярша паяўляюцца зародкі, якія паволі растуць і разьвіваюцца, а ўрэшце дасьпяваюць і даюць пажаданы плод.
Ад гэтага закона жыцьця ня быў вольны і беларускі акт 25.ІІІ.18. Акт гэты, як у некаторай меры свайго роду дасьпелы плод беларускай народна-палітычнай думкі, папераджала праца многіх людзей для дабра беларускага народа і розныя — большага і меншага значэньня — гістарычныя здарэньні і падзеі; а ўжо з гэтых здарэньняў і падзеяў урэшце вырас і паявіўся ідэал незалежнасьці беларускага народа, выяўлены актам 25.ІІІ.18.