Такімі, між іншым, прадвесьнікамі акта 25.ІІІ. былі: Кастусь Каліноўскі з сваім часопісам «Mużyckaja Praŭda» і з іншымі сваімі друкамі, а таксама часопіс «Гомон» з тымі людзьмі, што яго пісалі і пускалі ў беларускі народ.
Тым больш дарэчы ўспомніць аб гэтых вясьняных зорках беларускай вызвольна-палітычнай думкі сёлета, калі ў сакавіку месяцы мінула 70 гадоў (1864) ад сьмяротнай казьні Кастуся Каліноўскага на Лукіскім пляцы ў Вільні, а ў лістападзе прыпадаюць 50-я ўгодкі (1884) другога нумара часопіса «Гомон».
Сёлета, такім чынам, прыпадае двайны юбілей, які сваім зьместам у беларускай вызвольнай думцы зьяўляецца нечым адным і суцэльным. І «Mużyckaja Praŭda» з Каліноўскім і «Гомон» з Грынявіцкім — сваім ідэйным папярэднікам — гэта зародкі, з якіх вырасла буйнае зерне 25.ІІІ.1918, з каторага, у свой чарод, разьвіваецца плод, якому імя незалежны і шчасьлівы беларускі народ.
Вось жа, хоць агульна прыпомніць і падкрэсьліць гэтыя галоўныя здарэньні ў беларускай палітычна-вызвольнай гісторыі, а такжа і тое, што з імі так ці йнакш зьвязана, — галоўная мэта гэтых нарысаў, якія пасьвячаюцца беларускай моладзі, бо ж маладымі згінулі за народ і Каліноўскі і Грынявіцкі, маладыя пісалі «Гомон» і шырылі яго ў народзе, маладыя павядуць далейшую барацьбу за поўнае вызваленьне беларускага народа.