Старонка:Да пытаньня аб беларускім элемэнце ў «Слове аб палку Ігаравым» (1929).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

Полацкім — „Унылы голоси, пониче веселіе" (24 стар.) адпавядае рэфрэну 1-й часткі Слова", — „Уныша бо градомъ забралы, а веселіе пониче" (16 стар.). Аднолькавы пачатак песень пра Алега Сьватаславіча і Полацкага Усяслава, адзін і той-жа рэфрэн у 1-й частцы твору і ў песьні аб Ізяславе Полацкім ужо даюць падставу выказаць думку, што з боку композыцыйнае пабудовы нельга глядзець на песьні аб полацкіх князёх, як на ўстаўку. Апроч таго мы бачым, што песьня аб Усяславе Полацкім заканчваецца прыпеўкаю Баяна, якая замяняе сабою рэфрэн: „Тому вѣщей Боянъ и пръвое припѣвку, смысленый, рече" (26 стар.). Гэтая канцоўка таксама з бясспрэчнасьцю сьведчыць, што радкі аб полацкіх князёх былі напісаны тым-жа поэтам, якому належыць і ўсё „Слово“, бо ён на Баяна спасылаецца ў самым пачатку свайго твору: „начати же ся тъй пѣсни по былинам сего времени, а не по замышленію Бояню"... „Боян бо вѣщій, аще кому хотяще пѣснь творити, то растѣкашется мыслію по древу, сѣрым волком по землі, шизым орломъ подъ облакы"... „Боянъ же, брате, не 10 соколов на стадо лебедей пущаше"... і інш. Зварот да Баяна і прыклады з Баянавых прыпевак аўтар „Слова" ўжывае і далей: „О, Бояне, соловію стараго времени! абы ты сіа плъкы ущекоталъ"... „чили воспѣти было вѣщей Бояне" (7 стар.) і інш. Зьвярнуўся ён да Баяна і трапна прывёў адзін яго запеў і пры апавяданьні аб добра знаёмых яму часох Усяслава Полацкага. Цяжка прыпусьціць, каб розныя аўтары гэтак да рэчы і ў падобных выпадках карысталіся аднолькавымі прыпеўкамі Баяна, спасылаючыся на яго, як на „соловія старага времени". Эпітэты („Острыми мечи", „червлеными щиты", „жемчюжну душу", „злато ожереліе", „злата стола") і іншыя сродкі маляўнічасьці ў песьнях аб полацкіх князёх таксама не адрозьніваюць гэтую частку ад усяго твору. Яны тыя-ж самыя, як і ва ўсіх іншых частках твору.

Але ня толькі композыцыйная пабудова і формальны бок даводзяць органічную сувязь разгледжанай часткі „Слова“ з усім творам. Песьня аб Усяславе увязваецца з усім творам і з боку зьместу. Уласна аўтар хацеў у процівагу сучаснаму становішчу князёўскіх міжусобіц і паслабленьня, зьбядненьня славянскіх зямель ад наскокаў полаўцаў прывесьці хоць-бы з успамінаў аб слаўнай мінуўшчыне прыклад тых полацкіх князёў, якія ўмелі пастаяць за свае ўладаньні, умелі дыплёматыяй і аружжам абараняць інтарэсы падуладных зямель ад злых намераў з боку розных ворагаў.

Значыць песьня аб полацкіх князёх ня ёсьць устаўка, а зьяўляецца непадзельнаю часткаю „Слова“. І наогул „Слова аб п. Ігаравым" зьяўляецца суцэльным творам з адзіным галоўным героем. Разгледжаныя песьні не зьяўляюцца, як гаворыць Ржыга, чем-то чуждым памятнику, взятым извне. Это... те же строфы, только с другими сюжетами". („Slavia" 1925, IV, I, стар. 61).

Проф. С. К. Шамбінага, які займаўся „Словам аб п. І.“, у шэрагу сваіх прац выказвае думку аб монолітнасьці „Слова" і гаворыць, што зараз расьце тэндэнцыя, якая адмаўляе ў гэтым творы ўсякія перастаноўкі і ператаўсоўкі выразаў і слоў. Гэткага-ж погляду прытрымліваецца і проф. Келтуяла, які прызнае, што ў „Слове“ „апавядальны элемэнт не зьяўляецца асноўным, ён не пасьлядоўны і разьбіты на ўрыўкі", але разглядае даны твор, як лёгічна зьвязаны ва ўсіх частках, выдзяляючы уступ, экспозыцыйны пролёг, тры асноўныя часткі і эпілёг. („Слово о полку Игореве“, Перевод, примечания и об'яснительные статьи В. А. Келтуяла. ГИЗ, М.-Л. 1928. Стар. 88-97).