Старонка:Да пытаньня аб беларускім элемэнце ў «Слове аб палку Ігаравым» (1929).pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

Такім чынам, прымаючы пад увагу няправільнасьць погляду на "Слова", як на твор, каторы штучна зьлеплены з розных паасобных дробных частак, нельга ставіць пытаньне аб беларускім паходжаньні тае ці іншае часткі. Калі можа быць выказана думка, дык толькі аб паходжаньні на беларускай глебе ўсяго твору.

Апроч паданых вышэй поглядаў Бяссонава і Ластоўскага наконт таго, што толькі выхадзец або жыхар беларускага краю мог быць аўтарам „Слова“, шэраг асоб, якія вывучалі „Слова“, лічаць, што аўтар яго знаходзіўся на грунце традыцый Чарнігаўскіх (Адрыанаў і інш.). Акад. В. Перэтц у сваіх досьледах аб „Слове" таксама выказвае думку, што гіпотэза аб паходжаньні аўтара „Слова“ з Чарнігаўшчыны ня менш правільная, чым тая, што робіць аўтара „Слова" кіяўлянінам. („Слово о полку Ігоревім", пам'ятка феодальн. України-Руси XII в. К. 1926, стар. 189). У другім месцы ён выказваецца, што „Слово" было пашырана ў межах паўночнае ўкраінскае дыялектолёгічнае групы, адкуль зашло аж у Пскоў"[1]. Як разумець „паўночна-ўкраінскую дыялектолёгічную групу“ і тэрмін „чарнігаўскіх“, „чарнігаўшчына" ў выразе: „аўтар знаходзіўся на грунце традыцый чарнігаўскіх"?

* * *

Некаторыя даведкі з працы проф. П. А. Растаргуева „Северско-белорусский говор“ (1927, Ленінград) дадуць мажлівасьць паказаць, што сьцьвярджэньні аб узьнікненьні Слова аб палку Ігаравым" у Чарнігаўшчыне трэба разумець у тым сэнсе, што яно было напісана ў „Северскай беларускай зямлі" і хутчэй за ўсё, значыць, севяранінам-беларусам.

Проф. Растаргуеў лічыць пераважную большасьць насельніцтва былых паўночных паветаў Чарнігаўскай губэрні за „патомкаў старадаўніх севяран", якія насялялі некалі значную частку Чарнігаўскай, Курскай і Палтаўскай губэрань і зараз уваходзяць у склад беларускае народнасьці. Даводзіць ён сваю думку як на падставе вывучэньня пануючае зараз у паўночнай частцы Чарнігаўшчыны гаворкі, таксама і на падставе даных гісторыі і археолёгіі. У апошняй частцы сваіх доказаў ён спасылаецца на акад. Багалея, аўтара працы „История Северской земли до половины XIV стол.".

Акад. Д. І. Багалей[2] гаворыць, што севяране ў IХ-ХI сталецьцях займалі наступную тэрыторыю: на захадзе яны межаваліся з палянамі... на поўначы — з радзімічамі, якія жылі па Сожы, прытоку Дняпра; на паўночным усходзе — з вяцічамі, што жылі ў верхавінах Акі, на паўднёвым усходзе і на поўдні — з рознымі сьцепакамі... Калі гэтую зямлю севяран накласьці на сучасную мапу, дык яна зойме часткі губэрань Чарнігаўскай, Курскай і Палтаўскай, прычым паўночныя суседзі севяран — радзімічы — займалі прыблізна частку Горадненскага і Новазыбкаўскага паветаў Чарнігаўскае губэрні, а таксама Гомельскі, Рагачэўскі, частку Старабыхаўскага, Чэрыкаўскага і Чавускага паветаў Магілеўскае губерні.

Даныя археолёгіі, разыходзячыся ў правядзеньні мяжы пасяленьняў севяран, устанаўляюць іх прысутнасьць у паказаны час у Старадубскім павеце.

  1. „К изучению „С. о п. И. ИОРЯСАН, т. ХХХ, стар. 203-204.
  2. Д. И. Багалей. „История Северянской земли до половины XIV века". Киев 1882, стар. 12.