стуем супроціў жаданьняў нямецкіх гвалтоўнікаў, якія жадаюць праз абман і абяцанкі абярнуць нас і нашых братоў у сваіх нявольнікаў.
Мы, беларускія сяляне, ня хочам падарункаў нямецкіх кулакоў, а жадаем самі вырашаць лес Вялікае Роднае Беларусі».[1]
Бежанцы з Царыцыну зьвярталіся ў Комісарыят з гэткай заяваю: «Мы, беларусы, жывучыя ў Царыцыне, заяўляем протэст супроціў нямецкага захапленьня Беларусі, бо апека немцаў вядзе да таго, каб задушыць рэволюцыю і аддаць у няволю беларускі працоўны народ. Нашы заданьні — атрымаць самавызначэньне ў саюзе з Расійскай Фэдэратыўнай Савецкай Рэспублікай».[2]
Апроч прыведзеных тут, цэлы шэраг пастаноў і рэзолюцый сялянства Вітабшчыны (Дамінікаўская воласьць Невельскага павету, Старапольская воласьць Вітабскага павету, Курынская воласьць і інш.) зьвярталіся ў Беларускі Нацыянальны Комісарыят з просьбаю не дапусьціць захопу немцамі ўсей Беларусі і абараніць яе ад самавызначэньня пад шатамі Беларускай Рады. Тое-ж пастанавіў і бежанскі зьезд у Маскве, організаваны нацыянальным комісарыятам. «Самавызначэньне Беларусі мажліва толькі пад Савецкай уладай і ў фэдэрацыі з Савецкай Расіяй», заключалі беларускія сяляне свае рэзолюцыі, якія пасылалі на імя Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту. Аднак, зразумела, што праца Комісарыяту не магла не дапусьціць падграбаньня беларускага руху пад уплыў беларускіх раднікаў, прытуленых да сябе окупантамі, і іх буржуйна-рэакцыйнай ідэолёгіі, якое быў сэнс: праз беларускую культуру да беларускай буржуйна-белагвардзейскай дзяржаўнасьці, праз незалежнасьць Беларусі да прыгону над беларускім працаўніком і селянінам.
І дзякуючы таму, што перш нямецкія, а затым польскія окупанты бачылі ў ідэях незалежніцтва прыемны й выгадны для сябе скутак, дык ажыцьцяўленьню іх ня толькі ня ставілася ніякіх перашкодаў, а нават давалася шырокае падтрыманьне для іх распаўсюджваньня й замацаваньня. Ня дзіва, што пры гэткіх умовах росквіт незалежніцка-буржуйнай ідэолёгіі ў беларускім руху йшоў з поўным посьпехам, прыгортваючы яго да сябе і ўносячы ў яго жывыя супярэчнасьці.
Такім чынам у спадчыну Савецкай Беларусі беларускі культурна-нацыянальны рух уліўся двума джараламі—рэвалюцыйна-пролетарскім і буржуйна-незалежніцкім. Савецкая ўлада, пры сваім абсталяваньні на Беларусі, дала шырачэзныя мажлівасьці разьвіцьцю беларускае культуры, падлажыўшы пад яе дзяржаўна-прававы фундамавт. Але, робячы гэта, ні яна, ні комуністычная партыя Беларусі, з-за многіх прычын, якія наогул перашкодзілі ўдзяляць увагу культурнаму жыцьцю, не маглі разьвіцьця беларускага культурнага руху рэгуляваць паводлуг камуністычных ідэяў. Дзякуючы гэтаму (і яшчэ таму, што абмылкова беларускі культурна-нацыянальны рух лічыўся ня сур’ёзным зьявішчам), ён разьвіваўся стыхійна, маючы вакол сябе нязьменныя ўмовы варожасьці з боку сваіх няпрыяцеляў і адхіляючыся ў бок шовіністычнасьці. Чым далей, тым параўнаўча выходзіла, што буржуйна-незалежніцкі бок яго пашыраўся, паглыбляўся і, вядома, пераважваў бок пролетарска-рэволюцыйны. Прыхільнікі апошніх яго адценьняў, як і наогул усе беларускія культурнікі і іх праца, сустракалі моцную й зьяднаную опозыцыю (калі ня больш), як ад захаваных пад крыльле Савецкае ўлады розных чорнасотнікаў і контр-рэволюцыянараў, так часта і ад зьбітых імі з панталыкў многіх адпаведных і неадпаведных кіраўнікоў савецкае ўлады.