Старонка:Два (1925).pdf/22

Гэта старонка не была вычытаная

— Не, дзякую, — адмовіўся паручнік і, падышоўшы хуткімі крокамі к дзьвярам, зачыніў іх на ключ.

— Што вы робіце? — закрычаў гэнэрал.

— Ціха! Ні слова! Абодва „рэнкі до гуры!“ Ну!.. — І, выхапіўшы з кішэні наган, паручнік накіраваў яго дула на гэнэрала.

Гэнэрал падняў дрыжачыя рукі ўверх і адвісшай чэлюсьцю запытаўся:

— Паручнік! Што гэта азначае?..

— Гэта азначае толькі тое, што перад вамі стаіць Муха, той самы, галаву якога прадае ваша дэфэнзыва. Але дорага яна вам, вяльможным паном, будзе каштаваць! — і з гэтымі словамі Муха падышоў да печкі, адчыніў дзьверцы і загадаў:

— Пане гэнэрале, а ну, лезь у печку. Ну, хутка!

Гэнэрал дужа не хацеў лезьці ў печку, але-ж страх і неспадзяванасьць прымусілі яго выканаць загад Мухі. Ён няцьвёрдымі крокамі падышоў да печкі і ўсунуў галаву ў печку. Муха хутка зьвязаў яму ззаду рукі.

— На шыю табе я кладу бомбу з устаўленым капсулем. Як толькі ты кранешся, каб выняць галаву з печкі, бомба скінецца з галавы і ўзарвецца. Тады ад цябе і пяску не застанецца. Дык сядзі-ж тут, калі хочаш жывым застацца, і ня рухніся ні ў адзін бок!

— Ну, „дзяншчык“, пойдзем! Ды паварачвайся-ж весялей! Я табе пакажу, як уцякаць з лягеру чырвоных, — сказаў Муха і, зачыніўшы з другога боку на ключ габінэт гэнэрала і паклаўшы ключ у кішэню, разам з „дзяншчыком“ вышаў, нават не разьвітаўшыся з гасьцьмі.

Позна ноччу разыходзіліся афіцэры і госьці з будынку гэнэрала. Яны так і не дачакаліся, пакуль скончыцца парада паміж гэнэралам і паручнікам. Не жадаючы перашкаджаць ім, ціха разышліся.

Толькі раніцаю дзяншчык гэнэрала адважыўся ціха пастукаць яму ў габінэт. Адказу ня было. Тады дзяншчык папрабаваў адчыніць дзьверы. Яны былі зачынены. Напалохаўшыся дзяншчык пачаў яшчэ мацней стукаць. Адказу зноў ня было. Напалоханы дзяншчык пабег у штаб і дрыжачым голасам паведаміў:

— Хутчэй на дапамогу! У габінэце гэнэрала нешта здарылася. Учора ноччу ён зачыніўся ў габінэце разам з панам паручнікам, ды да гэтага часу габінэт чамусьці зачынен. Як я ні стукаўся — ніхто нічога не адказваў. Толькі чуцен адтуль нібы хрып.