Старонка:Два (1925).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

Разам з гэнэральскім дзяншчыком пабеглі штабныя афіцэры ў будыніну гэнэрала.

Дзьверы былі ўзломаны. У пакоі, сагнуўшыся крукам, з галавою у печцы, стаяў гэнэрал.

Калі ў габінэт уварвалася грамада, гэнэрал ціха папрасіў:

— Асьцярожна, асьцярожна здымеце ў мяне з шыі бомбу, я не магу крануцца, бо бомба ўсіх узарве. І хутчэй, хутчэй пагоню к фронту, у мяне быў Муха!!!

Афіцэры падбеглі к гэнэралу. Замест бомбы ў яго на шыі ляжала звычайнае яйка.

Зазьвінелі палявыя тэлефоны. Узбударажылася дэфэнзыва. Загад па ўсіх вайсковых частках, па ўсіх аддзяленьнях дэфэнзывы быў кароткі:

Абавязкова схапіць Муху!

Загад быў дадзены начальнікам баявога вучастку ў парадку баявога заданьня.

6

З часу гэнэральскага балю прашоў дзень і зноў ужо наступіў змрок. Поле прыфрантовай паласы ціха ўздыхнула.

Вецер абдымаў травы і яны ажно гнуліся ад яго абдымаў. Стаптаны за дзень луг залечваў сваю лахматую параненую капытамі галаву. Чорнакудры вечар жартаўліва насоўваў цёмную павязку на яшчэ чырвоны кавалачак неба. Ноч усё болей і болей агортвала зямлю. На неба ўспоўз месяц і разьлёгся па зямлі сваймі зялёнымі праменямі. Гэта былі тыя зялёныя прамені, якія здалёку куст зварачваюць у стройнага юнака, дрэва ў чалавека з курчаваю забубёнаю галавой, а чалавека — у паўзучы куст.

Непакойная была ў гэты раз ноч у прыфрантовай паласе. Па палёх ваўкамі рыскалі людзі.

Вось сярод цемры на зялёным лугавым полі замігцелі дзьве нейкія цені. Каб бліжэй прыгледзіцца да іх, можна было-б убачыць у цені стройнага, высокага, маладога хлопца ў афіцэрскай вопратцы і невялічкага чалавека ў звычайнай сялянскай сьвітцы. А яшчэ ўгледзіўшыся бліжэй, мы-бы ўбачылі ў ценях паўстанца Муху і ўцёкшага з палону афіцэра, якога паўстанец, разам з здабытымі важнымі паперамі, цягнуў зноў у лягер чырвоных…

А ў гэты час дэфэнзыва працавала ва ўсю… Яна па усіх куткох пагранічнай паласы паслала надзейныя