Тра… ра… ра… рах! — празьвінела куля.
— Кажу вам — рэнцы до гуры! Бо яшчэ буду стшэляць! — крыкнуў адзін з працаўнікоў дыфэнзывы.
Муха, бачачы, што кожная хвіліна можа каштаваць жыцьця — спусьціў курок.
Кляп! — кашлем дзіцяці ўпаў курок. Асечка.
З друго боку таксама празвінелі два выстралы.
Зноў спусьціў курок Муха.
Зноў асечка.
Не спадзяючыся больш на свой рэвольвэр, лясны атаман адным скокам кінуўся ў бок, схапіў паручніка і ўскінуў яго, нібы невялічкую торбачку, к сабе на плечы.
Усё гэта ён зрабіў так раптоўна, што калі празьвінеў зноў выстрал, ён ужо далёка адбег ад таго месца, дзе ў засадзе стаялі шпіёны. Але кулі з ухарскім просьвістам усё яшчэ ляцелі каля вушэй уцякаўшых…
Толькі адбегшы, Муха пачаў адчуваць, як у яго каля правага пляча нешта пячэ, і як гарачыя й ліпкія кроплі сьцякаюць на рукі.
— Паручнік ад неспадзяванасьці сядзеў моўчкі на плячох нічога ня кажучы і, нават, зусім не жадаючы зрабіць хоць крок для свайго вызваленьня. Але калі ў часе бегу вецер прыдаў яму бадзёрасьці, ён пачаў варушыцца. Хутка зразумеў паручнік, што калі куля будзе накірована ў Муху, дык яна заб‘е яго, бо ён-жа ззаду.
І, зусім губляючы ад страху розум, ён закрычаў:
— Ня стшэляць! Я — естэм паручнік Ластоўскі! Вы бэндзеце адпаведны перад законам.
Але ніхто ніякай увагі не зьвярнуў на яго словы.
Кулі ўсё сьвісьцелі, ды сьвісцелі. І, ня бачачы ніякага выхаду, баючыся за сваё жыцьцё, паручнік узмаліўся:
— Ну навошта біць сябар сябра… І што я вам дрэннага зрабіў, пане-атамане?.. Завошта вы мяне мучаеце… і раптам, саўсім нечакана, пан паручнік заплакаў.
— Кінь плакаць, ты-ж вайсковы! Кінь кажу, а то па носе дам! — уцяшаў, як мог, Муха.
Але „паручнік“ у вадказ яшчэ больш заплакаў.
— Ну, што мне з табою зрабіць? Забіць, ці што?
— Не чапаць… — як дзіцё ўзмаліўся афіцэр.
— Не чапаць, а сам, каб табе папаўся чырвоны, дык і ня думаючы застрэліў-бы…
— Не, пан, не чапаў бы… І ні… ко… лі больш чапаць ня… бу… ду… — плакаў паручнік.