Старонка:Два (1925).pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

Сумежна з хатай Насты была хата дзеда Пахома Адойчыка, самага беднага ў вёсцы селяніна Праўду кажучы, Пахом Адойчык ня быў ужо дужа старым па гадох, але-ж 58 год гэтакай цяжкасьці ляглі на яго плечы, што ён ужо выглядаў зусім старым, старым настолькі, што яго ўсе ўжо звалі дзядком.

У Пахома Адойчыка зямлі сваёй ня было. Невялічкі кавалак, які ён арандаваў, ледзьве, ледзьве даваў яму магчымасьць перабівацца з квасу на хлеб. Пахом Адойчык быў мужык працавіты. Працаваў ён, як вол, працаваў да ўпаду, але-ж за усё сваё жыцьцё так і ня здолеў купіць кароўкі. Аб здабыцьці яе ён думаў усё сваё жыцьцё.

Былі калісьці ў Пахома дзеці. Чацьвёра было, ды не патрапіў Пахом іх выгадаваць. Нездаволеныя хлебам ды квасам сінія пахілыя дзеці, як тыя кветкі на сухой глебе, згінулі. З гора тады запіў Пахом, запіў працяжна. П‘яны ён біў жонку й крычаў, каб яна зноў радзіла яму сына. І вось раз зімою прышоў Пахом п‘яны ноччу да хаты. Ні завошта, а так проста сп‘яна хватануў Пахом жонку паленам. Жонка жалобна завыла і пабегла з хаты. Моўчкі, бяз крыку, у хляве, без пары яна й радзіла Васіля. Ледзьве жывая прыпаўзла жонка Пахома да хаты і ў прыгоршні пасінеўшымі рукамі, каля змучанага, хворага сэрца, прыцягнула дзіцянё.

На другі дзень зразумеў. Пахом, што ён зрабіў. Падышоў ён да ложка жонкі і ласкава, як мог, дакрануўся да яе галавы. Хацеў пагладзіць, ды так нічога ня вышла.

На Васілі бацька згуртаваў усё сваё каханьне — i ён выжыў. Дзеля яго бацька кінуў піць і працаваў, працаваў, не разгібаючы сьпіны. І не дарэмна, бо здольным хлапцом урадзіўся Васіль. Здольны да кнігі, працавіты ў гаспадарцы. Не дарма-ж вясковая моладзь дужа любіла Васіля. Нават старыя й тыя ня лічылі яго за блазноту, а, наадварот, паважалі, як пісьменнага, працавітага й разумнага хлапчука. Як падрос Васіль зьявіўся ў яго брат Сьцёпка. Дружыў Васіль больш за усіх з Янкай Пятруковым і сваім малым братам Сьцёпкай. Янка Пятрукоў, сусед Васіля, быў усё роўна, як ужо сапраўдны, дарослы мужык, ня гледзячы на тое, што яму было ня болей 16 год. Маладыя хлопцы, аднагодкі Васіля й Янкі, толькі дзівіліся таму, як старыя сяляне радзяцца з імі. Няма чаго й казаць