— Стаць! — ізноў крычаў Ластоўскі, але стары ўжо ня меў сілы крануцца, б‘ючыся аб падлогу падстрэленай птушкай.
— Ад хаты да хаты вобыск! — загадаў Ластоўскі. — І не сароміцца з гэтым быдлам.
Праз некалькі хвілін ужо крыкі й страляніна мітульгою павісьлі над вёскаю…
Стары Пахом, пачуўшы гвалт, што стаяў над вёскаю, выбег у сені, потым, як ашалелы, зноў вярнуўся ў пакой, потым зноў у сені, потым закруціўся, як верацяно, на адным месцы. Толькі Васіль ды Сьцёпка былі спакойны. Сьцёпка схапіў з-за лаўкі сякеру й чакаў. Заўважыўшы ў руках малога сына сякеру, Пахом яшчэ больш напалохаўся і пачаў крычаць на Сьцёпу кінуць на месца сякеру.
— Не зьвяры-ж яны, — казаў ён, — завошта-ж душу губіць яны будуць? Не душагубы-ж яны, не крывапійцы, — і старык сваймі ўжо аслабеўшымі рукамі выхваціў з рук сына сякеру і кінуў яе зноў пад лаўку.
У гэты-ж час у сенцы нехта пастукаў. Пахом прытуліўся к кутку і стаяў.
— Адчыняй, — даляцелі з вуліцы крыкі й адначасова нехта так загрукацеў прыкладамі па дзьвярох, што яны, як жывыя, са стогнам разьляцеліся. Заўважыўшы ў вугле старога Пахома, жаўнеры закрычалі:
— Ах ты, пся-маць, дык ты яшчэ надумаў супроць нас выхадзіць!
— Паночкі, я… я, — барматаў стары. Ды далей нічога ня выходзіла ў Пахома. Словы косьцю застывалі ў глотцы. У сенцы увашоў Ластоўскі.
— Чаго глядзіцё? — крыкнуў ён.
Жаўнеры засароміліся, і адзін з іх у сваё апраўданьне сказаў:
— Дык вось гэты… не жадаў хаты адчыняць нам.
— А вось як! — крыкнуў Ластоўскі і адначасова рукаятка яго рэвольвэра апусьцілася ў голаву старога.
— Пан… — крыкнуў Пахом, ды не пасьпеў. І змоўк…
Іскры паплылі ў вачох Васіля, усё памуцілася. Агледзіўшыся ўва ўсе бакі, ён шалёным ваўчанём кінуўся на забіўшага бацьку афіцэра.
Запрымеціўшы нейкага, напалову шалёнага хлапца, кінуўшагася ў яго бок, паручнік, ня даўшы сабе адчоту ў тым, што ён робіць, кінуўся ўцякаць: толькі на дварэ жаўнеры выхапілі з рук маладога хлапчука свайго камандзіра.