— Ну, добра, — згадзіўся Сьцёпка, — ты сьмела можаш іх пры мне пакінуць. Ты-ж бачыш, які я… Я не заплакаў, — раптам выпаліў Сьцёпка і зноў пачырванеў. Яму стала сорамна за тое, што ён хваліцца.
— Добра, — сказаў Муха, — толькі я ў дапамогу табе яшчэ двух хлопцаў пакіну. Можна?
Бачачы, што Сьцёпка пакрыўдзіўся, Муха, засьмяяўшыся, дадаў.
Яны ж таксама не заплакалі…
На гэта Сьцёпка не адказаў і маўчаў.
15
Каля Ластоўскага згуртаваліся афіцэры і ўпаўнаважныя дэфэнзывы.
— Панове афіцэры, — пачаў Ластоўскі, трэба зьмяніць тактыку барацьбы з Мухай. З атрадам нічога ня зробіш. Гэтак і небясьпечна і карысьці ніякай, як бачыце, няма… Тут трэба прыдумаць нешта іншае… І вось, каб прыдумаць гэта „іншае“, я і заклікаў вас сюды.
— Мне здаецца, трэба было-б нам сьпешыцца, рассыпацца цэп‘ю й прайсьці па сумежных лясох. Далёка-ж Муха ня можа адгэтуль пайсьці, — парадзіў намесьнік Ластоўскага па атраду - Пшэцкі.
Ластоўскі ў адказ толькі паморшчыўся. Гэта яму не спадабалася.
— А я прапанаваў-бы, — сказаў Сарачынскі, агэнт дэфэнзывы, запатрабаваць сюды больш працаўнікоў дэфэнзывы і зрабіць з іх „партызан“. Разумееце? Яны павінны будуць увайсьці ў атрады Мухі, як партызаны, а потым і… Муха будзе ў нашых руках.
— Так, так, тысячу раз так! Пан Сарачынскі кажа справу. Гэта і будзе самы правіловы шлях да Мухі.
Пан Сарачынскі, падбадзёрыўшыся, дадаў:
— Болей скажу, панове, часу траціць нельга. Трэба ісьці па гарачых сьлядох. Прапаную яшчэ зараз-жа тром альбо чатыром з нас пераадзецца ў сялянскія вопраткі і пайсьці ў глыб лесу, каго-небудзь ды спаткаем з людзей Мухі. Скажам, што мы — сяляне, словам, прыдумаем ужо што сказаць, пацярпелі ад паноў і г. д. Папросім дапамогі і абароны… А там будзем бачыць.
Ластоўскі гэтым плянам быў зусім здаволены.
— Згодзен! — сказаў ён. — Толькі хто, панове, пойдзе на гэту справу? Справа, вядома, небясьпечная, але памятайце — „Жэч Паспаліта!“
— Я іду! — горда сказаў Сарачынскі… — І я, і я, і я, — неахвотна падтрымлівалі другія.