Старонка:Два (1925).pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, ну, нічога, пацярпеце, — зараз прыдзем, дык накормім.

— Хлопчык, — ціха запытаўся адзін з сялян, — а нас адтуль ня выганяць?

— Не, Муха сялян ніколі не прагоніць. Гэта, каб вы былі паны, ну дык тады вядома, мы тады ого… го… го… — з запалам сказаў Сьцёпка.

— Дык ты вядзеш нас да самога Мухі? — нібы ня верылі сяляне.

— Да самога! — з пагардай адказаў Сьцёпка і пачаў шырока расстаўляць крокі, каб выглядаць сталым.

— А ці-ж Муха цяпер у лесе? — запыталіся сяляне.

Сьцёпка глянуў на сялян поглядам апякуна й сказаў:

— Гэта сэкрат, дзе Муха. Адным словам, ён мяне ўпаўнаважыў пільнаваць за штабам.

І для большай да сябе павагі Сьцёпка зноў сплюнуў.

— Зараз мы ўжо і прыдзем.

— А шмат-жа мусіць цяпер народу ў Мухі? — запыталіся сяляне.

— Ды шмат, але толькі цяпер усяго нас трох чалавек засталося, ды Наста з маткай.

Сяляне пераглянуліся.

Лягер Мухі ўжо саўсім блізка.

— Зараз за гэтым балотцам і наша хата, — сказаў Сьцёпка.

Сяляне чамусьці зноў пераглянуліся, і адзін з іх нешта прашаптаў на вуха другому.

— Эй, таварышы! — крыкнуў Сьцёпка, — давайце паесьці вось гэтым сялянам, іх вёску палякі спалілі. Яны ўцяклі ў лес; вось я і прывёў іх сюды.

Партызаны, якіх Муха пакінуў на варце, падазронна аглядалі прышоўшых.

— Вы з якой вёскі? — запытаўся адзін з партызан у прышоўшых.

— Ды мы Янкаўскія, панок…

— З Янкавіч. Спалілі нас паны.

— Мы ўцяклі… білі нас палякі… во, паглядзеце на цела, якія рубцы пакінулі! — З гэтымі словамі адзін з сялян адшпіліў каўнер свае кашулі й паказаў на свае грудзі.

І сапраўды, на грудзёх селяніна красавіліся крывавыя палосы.

Партызаны пачалі супакойвацца.