вугольлямі пяклі гэтыя думкі. Пачуўшы крык Насты, Сьцёпка ня ўстрымаўся. Што было ў яго сілы ён закрычаў:
— Муха, сюды! Вось яны! Ату… ату іx!…
Пачуўшы слова „Муха“, „сяляне“, як шалёныя, выбеглі з зямлянкі і з пераляку пусьціліся ўцякаць. Але перапалох адразу-ж і прашоў. Яны ўбачылі, што нікога ня было, што гэта мана.
— Ы-ых, шчанё! — крынуў адзін з уцякаўшых на Сьцёпку. Пачакай! Я цябе за гэта застрэлю, як сабаку!
… тваю маць! — крыкнуў Сьцёпка.
Ён наўмысьне вылаяўся так моцна, як толькі мог. Ды іншых слоў да гэтых людзей ён і не знаходзіў.
Сьцёпка лічыў, што ён ва ўсім вінават. Яму было сорамна перад Мухай. Ён хацеў, каб яго застрэлілі.
21
— Аглядай яго паперы, — з паважным відам сказаў адзін з афіцэраў другому.
Выконваючы гэты загад, афіцэр падышоў да Мухі і крануў яго плячо, каб павярнуць яго кішэнямі дагары.
Гэта ўдалося афіцэру. Ён павярнуў ляжачага партызана. Павярнуў — і ад жудасьці ў афіцэра валасы пачалі падымацца. Перад ім ляжаў саўсім не забіты, а нават наадварот — сьмяючыся, з рэвольвэрам, накірованым на афіцэра, малады хлапец.
Афіцэр, згубіўшы ад неспадзяванасьці розум, неяк жаласна аглядаўся ва ўсе бакі, шукаючы дапамогі. Толькі дарэмна ён яе шукаў, бо яго „колега“ быў заняты агляданьнем падсумкаў у сядле і нічога ня бачыў
Трымаючы аднэй рукою рэвольвэр, Муха другую паклаў сабе на рот, паказваючы гэтым, каб афіцэр маўчаў.
І гэта нібы сыгналам было афіцэру. Выхваціўшы рэвольвэр з кобуры, ён закрычаў ва ўвесь голас:
— Здавайся! — і тут-жа зваліўся ад кулі Мухі.
Другі афіцэр, які аглядваў у гэты час сядло, пачуўшы выстрал і крык, хутка абярнуўся.
Заўважыўшы, што рэвольвэр сваім халодным вокам глядзіць на яго, афіцэр рашыў, што гэта ў яго стралялі, што гэта ён забіты і, конвульсыўна перадзёрнуўшыся, зваліўся.
Муха спачатку зьдзівіўся, а потым, зразумеўшы ў чым справа, весела засьмяяўся.