Недалёка ўжо зямлянка. Толькі раптам сьвіст пракаціўся па лесе.
Можа хто і падумаў, што гэта пугач засьвістаў, але хлопцы адразу ўсе, як адзін, насьцеражыліся.
Зноў пранёсься сьвіст…
— Ну, гэтак і ёсьць — трывога…
І ноччу ў лесе чорнаю маланкаю разьвярнулася грамада ў ланцуг, бліснуўшы адрэзамі.
Блізка, блізка адзін ад аднаго, гуськом крануўся ланцуг па напрамку да таго месца, адкуль зьвінеў бязупынна сьвіст.
Нарэшце правафланговы, стаяўшы на чале атраду, дашоў да таго месца, адкуль чуўся сьвіст.
— Муха! — з вуснаў у вусны пабегла па ланцугу.
І не пасьпела да канца прабегчы гэтае слова, як неслася ўжо другая вестка:
— У зямлянцы — панская застава.
Панеслася вестка па ланцугу, б‘ючы словамі, як шротам, па сэрцы паўстанцаў.
— Наперад! Да зямлянкі! — зноў перадавалі адзін аднаму загад.
Чым бліжэй падыходзілі да зямлянкі, тым цішэй ішлі хлопцы.
У іх сэрцах гарэла помста.
Як адважыліся паны падыйсьці да іх штаб-кватэры?
Ішлі хлопцы ўпэўнена. Яны ведалі — яны перамогуць!
Хлопцы падрыхтавалі сябе да бойкі. Але калі ўжо зусім можна было адкрыць стральбу і нагнаць на паноў страх, Муха загадаў спыніцца.
Хлопцы ня ведалі, у чым справа. Няўжо-ж іх атаман не рашыўся прыняць бой?
Але не, яны хутка зразумелі, у чым справа. Муха павёў ланцуг вакол зямлянкі, па адным расстаўляючы хлапцоў.
Муха акружыў зямлянку, каб ніводны, пасьмеўшы зайсьці сюды ня вышаў.
Муха сам абышоў хлапцоў.
— Раніцою разаб‘ем іх… каб ніводнай кулі дарэмна!
24
Сьцёпку і двух паўстанцаў, што былі разам з ім, зьвязанымі па руках і адзін да аднаго, прывялі ў вёску.