Старонка:Два (1925).pdf/60

Гэта старонка не была вычытаная

26

За некалькі соцень крокаў адзін ад аднаго ляжалі атрады. Адзін і другі чакаў тых, хто побач з імі ляжаў.

А на ўсходзе чырвонымі ніткамі зарніца вышывала на блакіце свае ўзоры.

Трава прымала ў расе ранічную ванну.

Як крыху разьвіднела, Муха пачаў дзейнічаць. Па яго загаду група хлопцаў аддзялілася і з гранатамі папаўзла па напрамку да сядзеўшых у засадзе войск.

Надышлі хвіліны напружанага чаканьня.

І раптам страшэнны выбух разбудзіў і лес і чакаючае войска заставы.

Ня зусім разумеючае, у чым справа, войска заставы, бачачы навакол сябе трупы сваіх таварышоў, падняло паніку.

Пакуль афіцэры пасьпелі наладзіць парадак, жаўнеры кінуліся ўцякаць. Толькі — дарэмна! Куды ня сунуцца жаўнеры — адусюль іх сустракае залп.

„Здрада! Акружаны! Муха!“ насіліся страшэнныя словы ў заспаных жаўнерскіх галовах.

Сілы заставы ўсё памяншаліся і памяншаліся. Ужо жаўнеры кінулі адстрэльвацца, кінулі й вінтоўкі і напалоханым табуном бегалі ў розныя бакі.

Некаторыя, бачачы, што ніадкуль няма выйсьця, яшчэ жывыя падалі на зямлю, думаючы хаця гэтым ратавацца.

Усё цясьней і цясьней зжымаў сваё кальцо Муха. Ужо няма чым дыхаць астаткам войск.

Разгневаныя паўстанцы страшна расплачваюцца з тымі, хто пасьмеў зайсьці ў іх лягер…

І ўсё гэта прашло гураганам. Некалькі хвілін шалёнага „ур-ра“, і ўсё сьціхла.

Толькі трупы забітых, ды стогны параненых гаварылі аб толькі што мінуўшых хвілінах.

— Муха! Дзе Муха? — шукалі хлопцы. — Няўжо-ж забілі, ці зноў ранены?

— Ён мусіць у зямлянцы, — дагадаўся нехта.

Кінуліся ў зямлянку. Так і ёсьць. На карчу пасярэдзіне сядзеў атаман, схіліўшы галаву, а побач яго — труп старухі, маткі Настулі. Ні Сьцёпкі, ні Настулькі няма.

Забілі… Не пасароміліся з кабетамі ваяваць.

Схілілі галовы паўстанцы…

— Прывесьці сюды палонных! — загадаў Муха.