— Што? — запытаўся Муха.
— Расстрэльваць, кажу, павялі…
— Ага… ну тады мне тут няма чаго рабіць, — сказаў Муха, — адчыні мне браму!
Вартаўнік пажаў плячыма, але шчылкануў замком, адчыняючы браму.
Муха стаў у адчыненай браме, падумаў крыху і запытаўся:
— Слухай, дружа, дзе тут жыве… вой, вой, вой, — запамятаваў яго прозьвішча. Ну, ды я зараз дастану.
Муха палез у кішэню.
Вартаўнік чакаў.
І раптам, не пасьпеў яшчэ зразумець турэмшчык, у чым справа, як пабачыў, замест паперы, у руках прышоўшага рэвольвэр.
Празьвінеў выстрал.
Вартаўнік зваліўся…. Вароты засталіся адчыненымі.
І не пасьпела яшчэ змоўкнуць рэха ад выстралу, як з-за хат, з розных бакоў, імчаліся да турмы сялянскія хлопцы з гранатамі і абразанкамі.
Большасьць атраду, на чале з самым Мухай, кінулася ў адчыненыя вароты.
Астатнія заляглі ланцугом наўкола турмы, каб на ўсякі выпадак быць падрыхтаванымі да адбіцьця войска.
Зьвінела стральба ў памяшканьні турмы. Біліся вакеніцы… зьвінелі засовы… адчыняліся камэры.
Выпушчаныя арыштанты разьлічваліся самі з сваймі турэмшчыкамі.
Частка арыштаваных, узрадаваўшыся волі і нібы ня верачы ёй, не чакаючы канца бойкі, праз адчыненую браму ўцяклі ў лес, нібы баяліся, што йзноў загоняць у сьцены гэтай турмы.
Некаторыя-ж з агідаю грамілі турму, каб нічога ад яе не асталося, каб ня было куды саджаць.
Пачуўшы рэха выстралаў, прачнуўся гарадок. Пачалася звычайная паніка. Поліцэйскія, адстрэльваючыся, хоць і ня ведаючы ад каго, першымі пачалі ўцякаць ад таго месца, адкуль чулася стральба.
Прашло некалькі хвілін. І толькі дзівіцца трэба было, як без дапамогі вулькана здолелі людзі гэтак зруйнаваць турму.
Партызаны абмежаваліся толькі тым, што паадчынялі камэры і аберагалі арыштаваных ад нападу войск.
А гэта ўжо самі арыштанты з гэтакай любасьцю руйнавалі свае жалезныя краты.